Званок у рэдакцыю “СВ” ад жыхаркі вёскі Сялявічы Таццяны Ануфрыеўны Шынкевіч быў вельмі прыемным. Яна расказала пра свайго аднавяскоўца Анатолія Іванавіча Сяркевіча, пра яго незвычайны ўчынак.

– Напярэдадні Дня пажылых людзей, – паведаміла Таццяна Ануфрыеўна ў Сялявіцкай бібліятэцы праходзіла свята для пажылых вяскоўцаў, якое арганізавала цудоўны бібліятэкар Ірына Казіміраўна Каранец. Туды наведаўся Анатолій Іванавіч і прапанаваў свае падарункі для гэтай катэгорыі людзей.

– На нашай Садовай вуліцы ў Сялявічах пражывае чалавек дзесяць пенсіянераў, – працягвае субяседніца. – Дык вось ён кожнаму падарыў па два венікі і па місцы сухіх грыбоў, якія спатрэбяцца кожнаму, каб прыбрацца ў доме і зімой адзначыць па склаўшыхся традыцыях праваслаўную куццю. Анатолій Іванавіч не прамінуў дом 91-гадовай Ганны Сямёнаўны Сяркевіч, пастараўся, каб і ў яе доме было свята.

Анатолій Іванавіч раней працаваў у гаспадарцы зваршчыкам, зараз з’яўляецца аператарам мясцовай кацельні, якая належыць ГУП ЖКГ. Да работы ўвесь час адносіцца сумленна.

– А дабрыні ў ім столькі, што хопіць на кожнага аднавяскоўца, – лічыць Таццяна Ануфрыеўна. – Гэта рыса прысутнічае ва ўсім яго родзе па бацькоўскай лініі. Наогул, усе яны спагадлівыя і прыемныя людзі. І жонка Анатолія Іванавіча Лілія Іосіфаўна таксама цудоўная жанчына, якая працуе бухгалтарам у мясцовай гаспадарцы.

Анатолій Іванавіч запрасіў пажылых людзей наведваць лазню і паабяцаў кожнаму падарыць венікі.

Яшчэ хочацца згадаць пра адну важную акалічнасць. Анатолій Іванавіч майстар на ўсе рукі. Ён выдатны цясляр, бондар. Мабыць, талент і дабрата заўсёды ідуць поруч. І няхай не падводзіць Вас здароўе, добры чалавек, каб Вашы ўчынкі былі прыкладам для астатніх.

Аліна ЧАРНЫШ.

Поделиться
Перейти к содержимому