Памяці празаіка, паэта, публіцыста, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, воіна-аўганца Івана Лук’янавіча Сяргейчыка.
Чалавек нараджаецца для жыцця. Жыццё – гэта радасць і смутак, смех і слёзы, каханне і нянавісць, асалода і пакуты, надзея і адчай, багацце і беднасць матэрыяльная і духоўная. Жыццё недаўгавечнае, як подых ветру. Яно ў кожным з нас, пакуль мы жывем на белым свеце. І кожны з нас спадзяецца жыць не проста доўга, а бясконца доўга, марыць пра вялікія здзяйсненні. І жыццё раптам абрываецца ў дарагіх нам людзей … Але пасля смерці застаюцца яны ў сваіх здзяйсненнях, дасягненнях, у сваёй творчасці …
Іван Лук’янавіч Сяргейчык – гэта таленавіты пісьменнік Слонімшчыны, пясняр мужнасці і сапраўднай доблесці і проста добры чалавек, які “жыў для людзей”.
Нарадзіўся Іван Лук’янавіч у вёсцы Вострава на Зельвеншчыне Гродзенскай вобласці 17 жніўня 1949 года. Так склаўся лёс, што дзяцінства яго прайшло ў вёсцы Пустаборы. Вучыўся ў Пустаборскай пачатковай школе і Галынкаўскай сярэдняй школе. Аднойчы на ўроку беларускай мовы настаўніца, Аляксандра Сцяпанаўна Цвікевіч, убачыла лісток паперы, на якім быў напісаны верш “Ручэй”. Праз некаторы час вершы пачынаючага паэта змяшчаліся ў школьнай насценнай газеце.
З успамінаў Івана Лук’янавіча: “Універсітэцкіх навук не праходзіў, не было калі, да ўсяго трэба даходзіць самому. Змалку хлеб сваім мазалём зарабляў. Пасля школы скончыў Слонімскае прафесійна тэхнічнае вучылішча. Стаў маханізатарам. Працаваў у калгасе, на будоўлі аўтадарог у Сярэдняй Азіі. А потым – войска”. Іван Лук’янавіч аддаў яму 20 гадоў. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.
Суровы лёс выпаў на долю пісьменніка. У былыя савецкія часы ён служыў у арміі ў родным Слоніме. Потым двойчы яму давялося ўдзельнічаць у вайне Афганістана, глядзеў смерці ў вочы, быў паранены. Іван Лук’янавіч пра афганскую вайну сказаў сваю праўду ў кніжцы-дзённіку “Горкі пыл Гіндукуша”. Гінулі сябры на вачах, часам і яму даводзілася быць на валасок ад смерці. Перажыванні, думкі, жудасць той вайны – гэта люстэрка яго творчасці. Ён – пісьменнік-салдат, які стаў адным з першых, хто пачаў сапраўды праўдзіва “асвойваць” афганскую тэму.
Афганскі дзённік былога воіна-інтэрнацыяналіста пісаўся на самым пачатку тады яшчэ мала вядомай нам “афганскай вайны”. Усё, пра што пісаў аўтар, ён сам перажыў, быў ТАМ не на экскурсіі, а як непасрэдны ўдзельнік.
А вось аб тым, што звязвала пісьменніка з Беларуссю нашай мілаю, мы можам прачытаць у яго вершах і прозе, якія раскінуліся, нібы пацеркі, па розных выданнях: рэспубліканскія часопісы “Маладосць”, “Полымя”, “Акно”, “Карані”, зборнікі “Золак над Шчарай”, “Галасы” і інш.
І сапраўды, кудзелькавы ранак, ільняное раздолле, з пахам хлеба жытнёвае поле – усё гэта было натхненнем паэта. І гэта не проста правінцыяльны паэт, а пісьменнік Беларусі. У 1995 годзе ён быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Іван Лук’янавіч здолеў аб’яднаць людзей, сталога веку і творчую моладзь Слонімшчыны: захаваць памяць пра паэта-земляка Анатоля Іверса, надаўшы яго імя літаратурнаму аб’яднанню. Трэба адзначыць, што Іван Лук’янавіч цесна супрацоўнічаў з цэнтрам дзіцячай творчасці. У пачатку 2005 навучальнага года распачаў сваю дзейнасць літаратурны гурток, створаны па ініцыятыве Слонімскага літаб’яднання імя Анатоля Іверса пры ўстанове пазашкольнага выхавання і навучання “Скарбніца”. З юнымі прыхільнікамі літаратуры і пачынаючымі літаратарамі ён праводзіў заняткі. Хлопчыкі і дзяўчынкі спасцігалі нялёгкую, але даволі цікавую і захапляючую навуку, якая называецца літаратурнай творчасцю. Іх поспехі радавалі кіраўніка. Лепшыя творы змяшчаліся на старонках газеты “Слонімскі веснік” і гучалі ў літаратурных перадачах на раённым радыё. Іван Лук’янавіч так адзываўся аб сваім гуртку: “Гэта вельмі надзейны, жыццярадасны ручаёк, які па-разліку павінен напоўніць дзейнае рэчышча творчых асоб літаб’яднання”.
Вось, калі б вярнуць з небыцця Івана Лук’янавіча, то яго вучні сказалі б яму, як многа ён значыў у жыцці для іх, як многа ён зрабіў для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прыходзілі да яго з адкрытай душой, чыталі яму свае творы і з хваляваннем чакалі яго парады, прыслухоўваліся да кожнага яго слова, заглядвалі ў яго вочы, спадзеючыся пачуць пахвалу. І яны яе атрымлівалі. Ён умеў натхняць на новыя творы, паверыць у свае сілы.
Іван Лук’янавіч заўчасна пайшоў з жыцця. Цяжкая хвароба забрала ў родных і сяброў гэтага таленавітага, інтэлігентнага, добрага чалавека. Вайну з нябачным ворагам воін-афганец не здолеў выйграць. Лёс… Так кажуць… Але для яго сяброў, вучняў і для людзей, якія проста ганарыліся такім талентам Слонімшчыны, Іван Лук’янавіч застанецца жывым.
Як цяжка гаварыць пра Вас, Іван Лук’янавіч, у мінулым часе, як многа Вы змаглі б зрабіць у будучым…
БО ВЫ ЖЫЛІ ДЛЯ ЛЮДЗЕЙ.
Іван Лук’янавіч Сяргейчык.
У часы службы у арміі.
Вокладкі кніг.
Публікацыі ў раённых СМІ.
Якута Наталля Мікалаеўна