25 лістапада 2022 года ў Гродне адбыўся другі тур літаратурнага Рэгіён-фэста – новага грамадскага праекта абласной пісьменніцкай арганізацыі. У ім прыняло удзел Слонімскае раеннае літаратурнае аб’яднанне імя Анатоля Іверса, якое створана пры газеце”Слонімскі веснік”. Адкрыла мерапрыемства старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Л. А. Кебіч. Людміла Антонаўна пазнаёміла прысутных з ідэяй Рэгіён-фэста, які, стартаваўшы ў кастрычніку, набірае абароты, і перадала слова калегам з слаўнага Слоніма.

Выступленне гасцей пачалося з вельмі прыгожага і кранальнага эпізоду – уручэння гродзенцам каравая са Слонімскай зямлі.
Саюз літаратараў Слонімшчыны носіць імя славутага земляка, удзельніка нацыянальна-вызваленчага руху, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, беларускага паэта Анатоля Іверса (сапраўднае імя Іван Дарафеевіч Міско (1912-1999). У мерапрыемстве прынялі ўдзел: член СПБ, паэтэса Ірына Войтка ,член СПБ, паэтэса, аўтар і выканаўца песень Надзея Салейка; паэтэсы Тамара Пяцеліна, Алена Руж (Алена Ржэусская), а таксама паэтэса, аўтар і выканаўца песень Галіна Урадзімская.
Непарыўная сувязь часоў, традыцыі і сучаснасць, любоў да роднага Слоніма і сінявокай Беларусі, любоў да жыцця, да прыгажосці, філасофскі пошук гармоніі сталі асноўнымі матывамі выступленняў. Слонімскія літаратары прадэманстравалі, як гуманістычныя асновы светапогляду дапамагаюць творчаму чалавеку ва ўдасканаленні свайго майстэрства і максімальнай рэалізацыі патэнцыялу. У зале гучалі імёны вядомых ў краіне літаратараў-слонімцаў : Анатоля Іверса, Алег Лойкі, Міколы Арочкі, Сяргея Чыгрына,Уладзіміра Ягоўдзіка, Аляксея Якімовіча, а таксама аўтараў, якія ў розныя гады былі і навечна засталіся ў шэрагах літаб›яднання – Івана Сяргейчыка, Зарэмы Трафімовіч, Мар’яна Медушэўскага. Многае звязвае са Слонімам члена СПБ, Заслужанага настаўніка Беларусі, літаратуразнаўцу, паэтку Алену Руцкую, якая прысутнічала ў зале.
Гэтая сустрэча была знакавай для літаб’яднання, таму што ў 2022 годзе споўнілася 110 год з дня нараджэння паэта Анатоля Іверса, а таксама тым, што у бягучым годзе споўнілася 20 год, як літаб’яднанне носіць імя славутага земляка. За гэты час творцамі падрыхтавана больш за 90 літартурных старонак у раеннай газеце, выдадзена 20 кніг, два літаратары сталі членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Выдадзены 3 літаратурныя альманахі. Апошні “ Старонка” быў падрыхтаваны ў 2019 годзе да Дня беларускага пісьменства ў Слоніме.
Прэсс- служба СПБ Гродна адзначыла: “ Важнымі для творчасці Ірыны Войткі з’яўляюцца тэмы роднай мовы, тэма паэта і паэзіі, што знайшло пацверджанне ў прачытаных творах. У творчасці Алены Руж шмат іроніі, самаіроніі, прысутнічаюць асабістыя, сямейныя матывы. З імі звязана вялікая і яркая глава- вяселая паэзія для дзяцей, цэнтральным з’яўляецца вобраз роднага Слоніма. У выкананых аўтарскіх песнях і ў лірыцы Надзеі Салейкі кожны слухач змог пачуць нешта важнае асабіста для сябе і тое агульнае, што аб›ядноўвае сучаснага чалавека з бязмежнасцю Сусвету. Значнае месца ў паэзіі Тамары Пяцелінай займае тэма непарушнага адзінства народаў Беларусі і Расіі. Галіна Урадзімская нядаўна ў творчым калектыве, але, бясспрэчна, яе ўдзел у праграме – гэта залог поспеху. Таму што гэта мастацтва высокага класа. У рэпертуары паэтэсы-спявачкі – песні на беларускай і рускай мовах, гуманістычнага і патрыятычнага зместу. Галіна Эдуардаўна з’яўляецца і аўтарам музыкі. У фінале імпрэзы прагучала песня Галіны Урадзімскай «Дружба і любоў», якая стала гімнам чалавекалюбству, дабрыні, душэўнай прыгажосці і апафеозам свята творчасці.Госці з Слоніма атрымалі з рук Людмілы Антонаўны Кебіч памятны дыплом Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і пачулі пажаданні мацаваць сувязі, працягваць сяброўства і імкнуцца, каб колькасць калег па СПБ у раённым літаб’яднанні павялічвалася.
Мэты доўгатэрміновага Фестывалю рэгіянальнай літаратуры, аналагаў якога ў Беларусі няма: пазнаёміць грамадскасць з творчасцю літаратараў з розных куткоў Прынёмання; падкрэсліць важнасць калектыўнага прынцыпу ў развіцці літаратурнага руху; прадэманстраваць ролю літаб›яднанняў і іншых творчых саюзаў у кансалідацыі грамадства; вылучыць асаблівасці творчага почырку майстроў слова таго ці іншага раёна Гродзенскай вобласці; скласці агульную шматпланавую панараму літаратурнага жыцця нашага краю”
Другі тур літаратурнага Рэгіён-фэсту наведалі прадстаўнікі розных пакаленняў – гродзенскія літаратары, грамадскія актывісты, навучэнцы гродзенскіх устаноў адукацыі і аматары паэзіі. Але можна з упэўненасцю сказаць, што выступленне дэлегацыі слонімскіх творцаў не пакінула абыякавым нікога.

Ірына Войтка, кіраўнік літаратурнага аб’яднання імя А.Іверса пры газеце “Слонімскі веснік”
Фота Анатоля Апанасевіча

Поделиться
Перейти к содержимому