Прысвячаецца нашаму славутаму земляку, паэту, пісьменніку, перакладчыку, выдатнаму педагогу, прафесару, доктару філалагічных навук, члену-карэспандэнту Акадэміі навук Беларусі – Алегу Антонавічу Лойка.

У чарговы раз перачытваючы кнігі Алега Антонавіча Лойкі, нанова адкрываеш для сябе гэтага чалавека. Тое, што раней здавалася звычайным, сёння раскрываецца з іншага боку, прыходзіць усведамленне таго, што была знаёма з таленавіцейшым чалавекам, які ўпісаў сваё імя ў гісторыю беларускай літаратуры.

Першае маё знаёмства з Алегам Антонавічам адбылося яшчэ ў дзіцячыя гады. Мне вельмі пашчасціла і ў тым, што беларускую мову і літаратуру выкладала родная сястра Алега Антонавіча – Людміла Антонаўна Клімовіч. Менавіта яна прывівала любоў нам, школьнікам, да роднай беларускай мовы, да твораў беларускіх аўтараў. Дзякуючы  намаганням таленавітай і творчай настаўніцы ў СШ № 2 г. Слоніма часта ладзіліся літаратурныя сустрэчы з вядомымі беларускімі пісьменнікамі. Цяпер усведамляеш, што такія сустрэчы застаюцца ў памяці на ўсё жыццё, і яны вельмі патрэбны нашай моладзі.

Алег Лойка нарадзіўся  1 мая 1931 г. у Слоніме. Яшчэ ў юнацкія гады пазнаёміўся з паэтам Сяргеем Новікам-Пеюном, які і даслаў верш Алега “Восень” у “Баранавіцкую газету”. Пасля заканчэння 1-ай школы Алег паступіў на філалагічны факультэт БДУ, дзе пасля заканчэння і працаваў усё жыццё. Хочацца зазначыць, што студэнты вельмі любілі Алега Антонавіча, яго лекцыі былі сапраўдным святам. З якім захапленнем ён знаёміў з гісторыяй беларускай літаратуры, з вялікім замілаваннем чытаў вершы, прысвечаныя роднаму Слоніму. Дарэчы, родным мясцінам, сваім землякам і роднаму гораду паэт прысвяціў шмат твораў. Алег Антонавіч лічыў, што родны кут надзяляе чалавека талентам, дапамагае ў складаных сітуацыях. Вось якія цудоўныя радкі ён прысвяціў сваёй старажытнай роднай Слонімшчыне:

Я вырас, захапляючыся тут

Высокім небам, Шчары ціхім звонам,

Агністым сонцам, лесам задумённым,

Мурамі і людзей жыццём штодзённым,

І сэрцам палюбіў я гэты кут –

Цябе, мой старадаўні, родны Слонім.

Можа, таму ён і вярнуўся на малую радзіму і правёў апошнія гады свайго жыцця ў Слоніме, у доміку ля ракі Шчары па вул. Віленскай. Менавіта тады мне давялося часта сустракацца з Алегам Антонавічам і яго сястрой Людмілай Антонаўнай. У гэты перыяд я працавала ў СШ № 1, якую заканчваў і будучы пісьменнік. Было вырашана адкрыць музейны пакой “Літаратурная Слонімшчына” і неабходна было збіраць матэрыялы аб літаратарах Слонімшчыны. Людміла Антонаўна з вялікім задавальненнем распавядала пра свайго вядомага брата, прадаставіла шмат фотаздымкаў і дакументаў з асабістага архіва. Асаблівую цікавасць выклікаюць вершы-віншаванкі, якія пісаў Алег на розныя святы сваім бацькам. Вось радкі аднаго з іх, гэтыя радкі ён піша бацьку на дзень нараджэння ў пятнаццацігадовым узросце ў 1946 годзе:

Раз на свеце жыць дано нам,

Раз радзіцца, потым жыць.

Жыць, тварыць і ганарыцца,

Тым, змаглі што мы стварыць…

Музейны пакой у Слонімскім раённым ліцэі (былая СШ № 1) быў адкрыты ў 2007 годзе, на адкрыцці прысутнічала шмат гасцей, у тым ліку і Людміла Антонаўна Клімовіч. Частка экспазіцыі распавядала пра жыццё і дзейнасць Алега Антонавіча. Тут можна было ўбачыць як цікавыя фотаздымкі – Алег з гармонікам у школьныя гады, сям’я Лойкаў, Алег Антонавіч ва ўніверсітэце, так і шмат кніг, падараваных роднай школе –  “Скарына на Градчанах”, “Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае”, “Галгофа”, “Плач зямлі”, “Дрэва жыцця”, “Маланкай жагнаныя”, аўтарскі падручнік “Старабеларуская літаратура” і інш.

Вельмі важным дасягненнем у творчасці Лойкі з’яўляецца і перакладчыцкая дзейнасць. Алег Антонавіч многа перакладаў з нямецкай і польскай мовы на беларускую. Ён лічыў, што ў беларусаў ёсць павышаная цікавасць да Германіі і яе паэзіі, а без Ё.В.Гётэ і Ф.Шылера нельга адчуваць сябе ў паэзіі самазацверджаным. “Сёння перад вачыма павінны быць узоры – усе ўзоры вышэйшых дасягненняў мастацкага слова народаў 19-20 стагоддзяў. Гэта –  абавязковае, гэта натхняе, гэта – набыццё залатога неразменнага фонду,” – гаварыў Алег Антонавіч.

Шырока вядома кніга Лойкі “Як агонь, як вада” – гэта раман-эсэ пра народнага паэта Беларусі Янку Купалу. Герой яшчэ адной вядомай кнігі “Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае” – славуты першадрукар Ф.Скарына. Аўтар распавядае пра жыццё і дзейнасць Скарыны ў Празе, Вільні, Полацку, Кракаве, пра яго любоў да свайго народа, да роднага краю. Алег Лойка – аўтар шматлікіх зборнікаў вершаў, сярод якіх “На юначым шляху”, “Дарогі і летуценні”, “Каб не плакалі кані”, “Лінія жыцця”, “Скрыжалі”, “Балады вайны і міру” і інш.

Алега Антонавіча не стала 19 лістапада 2008 г., але ён пакінуў нам у спадчыну каля 450 публікацый і 100 кніг. Творчасць жа А.Лойкі стала прадметам зацікаўлення гісторыкаў беларускай літаратуры, а асобныя творы ўвайшлі ў праграмы па беларускай літаратуры. Я ўпэўнена, уся творчасць Алега Антонавіча кліча нас да дабра і святла, любові і веры, прыцягвае паэтычнымі адкрыццямі, пра многае прымушае задумацца.

Цяпер, працуючы ў Слонімскім раённым краязнаўчым музеі, працягваю краязнаўчую дзейнасць. Да 90-годдзя з дня нараджэння Алега Лойкі ў музеі была арганізавана вечарына “Балада Белае Русі”. На вечарыну быў запрошаны вядомы слонімскі краязнаўца Сяргей Мікалаевіч Чыгрын, які быў вучнем Алега Антонавіча і ўваходзіў ва ўніверсітэцкае літаратурнае аб’яднанне “Узлёт”. Ён распавёў прысутным пра Алега Антонавіча, пра яго талент пісьменніка, выгладчыка і чалавека, прадэманстраваў цікавыя кнігі. Вучні СШ № 8 чыталі вершы знакамітага земляка, танцавалі вальс пад песню на словы Алега Лойкі. Пасля мерапрыемства школьнікі не спяшаліся разыходзіцца, а спыніліся каля выстаўкі кніг і з цікавасцю гарталі старонкі. І гэта вельмі добра і правільна.

Вельмі важна, каб памяць пра славутага слонімца жыла, каб моладзь ведала мінулае, ганарылася ім, бо, як кажуць у народзе, без мінулага няма будучыні.

Алена Сухарукава, дырэктар УК “Слонімскі раённы краязнаўчы   музей імя І.І.Стаброўскага”

 

 

 

 

Поделиться
Перейти к содержимому