У Слонімскім краязнаўчым музеі пачала працаваць выстава “З гісторыі праса”. Сорак чатыры гады таму быў пакладзены пачатак калекцыі сям’і Анішчык, якая вядома не толькі на Слонімшчыне, але і ў Беларусі. Калекцыянеры Ніна Міхайлаўна і Валерый Пятровіч Анішчык прадставілі на выставе больш за сорак прасаў (а ў хатняй калекцыі на сённяшні дзень налічваецца больш за 300 прасаў). На выставе прадстаўлены прасы розных канфігурацый і відаў: драўляныя, суцэльнаметалічныя, чыгунныя вугальныя, латуневыя; чыгунныя прасы з укладышамі, алюмініевыя, першыя электрычныя і г.д. Адмысловае месца ў калекцыі займае чыгунны прас канца XVIII стагоддзя. Маленечкім жа прасам, памерам з запалкавую скрынку, разгладжваліся вытанчаныя і лёгкія карункі. Сярод эксклюзіўных экспанатаў выставы – латунны прас са Слонімскага палаца роду Пуслоўскіх. Гісторыя калекцыі прасаў пачалася ў 1978 годзе пасля публікацыі ў балгарскім часопісе «Наш дом» артыкула «Зацвіў стары прас». І бадай гэтая гісторыя ў калекцыянераў з кожным годам усё больш расцвітае. Ніна Міхайлаўна настолькі жыве сваёй справай, што аднымі прасамі не абышлося, а як не паказаць людзям жырандоль з палаца Пуслоўскага, у выглядзе мопса. А званочкі, розныя па канфігурацыі і кожны з іх мае сваю гісторыю, шмат званочкаў было прывезена з розных краін свету. Крыху падкоў, напрыклад, падкова 1941 года, такія вялікія падковы былі ў цяжкавагавых бельгійскіх коней-першаронаў, якія ў гады вайны перавозілі гарматы. У калекцыі ёсць круглая падкова XVI-XVII стагоддзяў, якімі падкоўвалі коней крымскія татары. Усё гэта абавязкова трэба паглядзець! Выстава будзе працаваць да 30 чэрвеня. Сардэчна запрашаем!
Наталія Аляхновіч, старшы навуковы супрацоўнік Слонімскага краязнаўчага музея імя І.І. Стаброўскага