Вiктар ЛIСКОВIЧ, старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па адукацыi, навуцы, культуры i сацыяльным развiццi:

— На разглядзе ў нашай Пастаяннай камiсii зараз знаходзяцца сем законапраектаў. Асноўныя — нарматыўна-прававыя акты «Аб ахове здароўя», «Аб псiхалагiчнай дапамозе» i «Аб донарстве i прэпаратах крывi». Не так даўно былі адобраны змены закона «Аб лекавых сродках». Важна, што ўводзiцца ўмоўная дзяржрэгiстрацыя арыгiнальных лекавых сродкаў для лячэння, прафiлактыкi цi дыягностыкi сур’ёзных iнвалiдызуючых захворванняў цi тых, што пагражаюць жыццю; сродкаў, прызначаных для лячэння рэдкiх захворванняў пры адсутнасцi эфектыўных метадаў аказання медыцынскай дапамогi. Гэта адчуваецца цяпер, калi за больш кароткi тэрмiн можна атрымаць рэгiстрацыйныя пасведчаннi на тыя сродкi, якiя вельмi неабходныя для лiквiдацыi выбуху захворвання цi канкрэтнага лячэння групы хворых, што скароцiць тэрмiны набыцця гэтых лекаў.

Законапраект «Аб ахове здароўя» прадугледжвае комплексную планавую карэкцiроўку iснуючага нарматыўна-прававога акта, па сутнасцi, гэта новая рэдакцыя закона. Сярод навацый, у прыватнасцi, удзелена значная ўвага экспертызе якасцi медыцынскай дапамогi, бо якасць — гэта развiццё медыцыны. Акрамя таго, iнфарматызацыi i электроннай ахове здароўя адведзены цэлы шэраг пытанняў. Уводзiцца клiнiка-эканамiчная экспертыза медыцынскай дапамогi — гэта ацэнка правiльнасцi аказанай медыцынскай дапамогi з аптымальнымi затратамi. Мiж iншым, прадугледжваецца i медыцынская акрэдытацыя дзяржаўных арганiзацый аховы здароўя. Што з гэтага вынiкае? Яны павiнны адпавядаць свайму статусу. Калi ён не будзе пацвярджацца, то ўстанова аховы здароўя будзе акрэдытавацца на нiжэйшы парогавы ўзровень. Увядзенне акрэдытацыi паспрыяе ўмацаванню матэрыяльна-тэхнiчнай базы, аснашчэнню абсталяваннем устаноў аховы здароўя, а ў канчатковым вынiку гэта паўплывае i на якасць. Пакуль гаворка iдзе пра дзяржаўныя ўстановы аховы здароўя, таму што прыватныя развiваюцца згодна з патрабаваннямi часу.

Асобна хацелася б спынiцца на прапанове ўвядзення паняцця «ўнiверсiтэцкая клiнiка». На прыкладзе Гродзенскай абласной клiнiчнай бальнiцы створана першая ў краiне эксперыментальная ўнiверсiтэцкая клiнiка. Мяркую, што вопыт будзе распаўсюджвацца ў краіне i далей, калi сiнергiзм патэнцыялу навукоўцаў i практыкаў пачне станоўча адбiвацца на развiццi медыцыны i яе якасцi.

Таксама ў законапраекце прапануецца пашырыць кола суб’ектаў, якiя ўпаўнаважаны на правядзенне медыцынскага агляду (у тым лiку ўрачэбна-экспертных, медыка-экспертных i ўрачэбна-лётных экспертных камiсiй). Па даручэннi кiраўнiка дзяржавы ўводзiцца норма аб рэзiдантуры. Адрозненнем яе ад традыцыйнай ардынатуры з’яўляецца магчымасць змены профiлю медыцынскай спецыяльнасцi.

Змены ў законе «Аб аказаннi псiхiятрычнай дапамогi» прадугледжваюць прывядзенне яго нормаў у адпаведнасць з прынятымi апошнiм часам заканадаўчымi актамi, перш за ўсё ўказам Прэзiдэнта «Аб удасканаленнi лiцэнзавання», якi выключыў псiхалагiчную дапамогу з пералiку лiцэнзаваных вiдаў дзейнасцi, у сувязi з чым з закона выдаляюцца ўсе палажэннi аб неабходнасцi атрымання псiхолагам адпаведнай лiцэнзii для аказання псiхалагiчнай дапамогi. Пры гэтым астатнiя патрабаваннi да гэтых спецыялiстаў застаюцца без змен (напрыклад, адукацыя i iншыя).

Поделиться
Перейти к содержимому