З 19 па 23 верасня ў нашай краіне праходзіў Тыдзень роднай мовы “Як ты дорага мне, мая родная мова!”. З гэтай нагоды ва ўстанове адукацыі “Міжэвіцкая сярэдняя школа” быў праведены шэраг тэматычных мерапрыемстваў. 16 верасня навучэнцы 9-11 класаў прынялі ўдзел у рэспубліканскім дыктанце, прымеркаваным да Дня народнага адзінства. Паколькі 19 верасня была аб’яўлена акцыя “Гавары са мной па-беларуску”, на працягу дня гучала толькі беларуская мова. Навучэнцы імкнуліся творча падысці да прэзентацыі віншавальных паштовак “Пажаданні роднай мове”, стварэння інтэрактыўнага воблака слоў “Маё любімае слова па беларуску”. Вучні выказалі сваю любоў і павагу да матчынага слова, нацыянальнай спадчыны, да роднай зямлі.
Напэўна, самым запамінальным мерапрыемствам, у якім і педагогі, і навучэнцы прынялі ўдзел, быў гастранамічны фэст “Беларуская кухня”, у цэнтры ўвагі якога была бульба. Усе яшчэ раз упэўніліся, што страў з “другога хлеба” беларусаў можна прыгатаваць шмат. У гэты ж дзень навучэнцы 7-10 класаў правялі час цікава і карысна, адправіўшыся ў падарожжа па краіне фальклору падчас віктарыны-конкурсу “Фальклор, фальклор – душа народа”. Нягледзячы на тое што гэта толькі гульня, усе “падарожнікі” ўпэўніліся, наколькі багатая духоўная спадчына нашага народа.
Тыдзень атрымаў свой працяг 21 верасня. Вучні 8-11 класаў удзельнічалі ў конкурсе творчых пісьмовых работ ”За што я люблю родную зямлю”. “Мой родны кут, як ты мне мілы…” – пад такой назвай прайшоў флаер-фэст. Кожны з удзельнікаў мерапрыемстваў па-свойму імкнуўся выказаць прызнанне ў любові да роднага краю.
“Літаратура як люстэрка мовы” – пад такой назвай праходзіў наступны дзень Тыдня роднай мовы. У рамках акцыі “Чытаем вершы пра родную мову” навучэнцы і настаўнікі дэкламавалі паэтычныя радкі беларускіх паэтаў, прысвечаныя мілагучнаму беларускаму слову. У гэты ж дзень прайшоў конкурс знаўцаў роднай мовы сярод вучняў 10-11 класаў. У апошні дзень Тыдня стартавала акцыя “Чытаем Максіма Танка разам”.
У школе мы вывучаем родную мову, размаўляем і чытаем на ёй. Але на працягу Тыдня роднай мовы яшчэ раз упэўніліся, што ўсвядоміць значымасць і веліч яе можна толькі тады, калі паглыбляем веды аб ёй, цікавімся крыніцамі духоўнага багацця, культурай Беларусі.
Людміла ТРУТНЕВА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі “Міжэвіцкая сярэдняя школа Слонімскага раёна”