На восеньскіх канікулах вучні 1-3 класаў Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы наведалі Ружанскі палацавы комплекс рода Сапег.

Экскурсавод Алена Дзмітрыеўна Палішчук цікава расказала аб гісторыі ўзнікнення, аб яго архітэктуры, рэстаўрацыі. Вучні даведаліся, што Ружанскі палац з’яўляўся адным з буйнейшых палацавых комплексаў Беларусі XVII-XVIII ст., уласнасць і рэзідэнцыя князёў Сапегаў. Разбураны быў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Улетку 2008 года на тэрыторыі палацавага комплексу былі пачаты раскопкі і рэстаўрацыя. Аднаўленне яго пачалося з брамы і бакавых флігеляў. У адрэстаўраваным усходнім флігелі адкрыты музей, прысвечаны роду Сапегаў. У другім крыле выстаўлена экспазіцыя з мясцовых археалагічных знаходак і старажытнай зброі.

Падчас экскурсіі ў дзяцей узнікала многа пытанняў: ці ёсць тут падземныя хады, як будуць выкарыстоўвацца адрэстаўраваныя будынкі правага крыла палаца? Алена Дзмітрыеўна цярпліва аднеслася да ўсіх пытанняў і дасканала на іх адказала.

Вучні з задавальненнем разглядалі экспанаты: пячатку XVII стагоддзя з фамільным гербам «ЛІС»; арыгінальны драўляны гербавы картуш канца XVIII стагоддзя; падлогавы гадзіннік канца XIX стагоддзя; зброю, посуд, мэблю і іншыя прадметы.

Экскурсія прадоўжылася і па тэрыторыі палацавага комплексу Сапегаў, які займае самую высокую кропку ў Ружанах. З вышыні птушынага палёту ўсім хацелася марыць і падарожнічаць.

Т. Серая, настаўнік пачатковых класаў Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы

Поделиться
Перейти к содержимому