Сёння велікодная радасць асвятляе Касцёл ва ўсім свеце. У нашых дамах, касцёлах і ў сэрцах хрысціян гучыць радаснае «Алілуя». Мы адзначаем урачыстасць Уваскрэсення Пана — святкуем перамогу, якую Хрыстус Пан здабыў над грахом і смерцю. Гэтая найважнейшая праўда хрысціянскай веры дазваляе нам іншымі вачамі паглядзець на свет і на наша жыццё. І хоць тут, на зямлі, жыццё чалавека не вызвалена ад смутку, цяжкасцей, цярпення і болю, нашы сэрцы напоўнены цвёрдай надзеяй, што мы, ідучы за Хрыстом па дарозе веры, накіроўваемся не да смерці, а да паўнаты жыцця, якое не мае канца.
Шчыра віншую вас з гэтаю светлаю ўрачыстасцю, ад усяго сэрца жадаю, каб гэтая перамога кожны дзень асвятляла вашыя душы на складаным, нязведаным і часта неспакойным жыццёвым шляху, каб радаснае «Алілуя!» загучала ў вашых сэрцах на поўную моц, даючы надзею на лепшае і веру ў тое, што Пан Бог заўсёды з намі!
Няхай уваскрэслы Хрыстос атуліць Вас сваёй бязмежнай міласэрнасцю, прабачэннем і ласкай, рассее сумненні і роспач, дасць новыя сілы на тое, каб жыць, працаваць на Божую хвалу і любіць бліжніх…
Усяго Вам найлепшага!
А. Віталь ЮРКЕВІЧ,
пробашч Парафіі Святога Андрэя ў Слоніме.

Поделиться
Перейти к содержимому