78 гадоў назад Слонімшчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у выніку паспяхова праведзенай Баранавіцка-Слонімскай аперацыі – састаўной часткі аперацыі “Баграціён” – адной з найбуйнейшых стратэгічных аперацый Чырвонай Арміі ў Вялікай Айчыннай вайне. У ходзе яе паспаховага ажыццяўлення была разгромлена адна з мацнейшых нямецкіх групіровак – група арміі “Цэнтр” і поўнасцю вызвалена ўся тэрыторыя Беларусі.

У ліпені 1944 г. Слонім з’яўляўся магутным пунктам абароны немцаў. Ён быў важным вузлом камунікацый, да яго падыходзілі 12 добрых дарог, чыгунка. Рэчка Іса абараняла подступы да горада з паўночнага ўсходу.

З поўдня на поўнач праз увесь раён цячэ Шчара, яе нізінныя і балоцістыя берагі стрымлівалі наступленне нашых войск. Вораг на заходніх высотах замацаваў горад трыма лініямі траншэй, па адной лініі – з паўночнага і паўднёвага ўсходаў.

У аперацыі па вызваленню Слонімшчыны былі задзейнічаны войскі трох армій.

З усходу па тэрыторыі раёна рухаліся злучэнні і часці 65-й арміі генерал-палкоўніка П. І. Батава. Яны ўзаемадзейнічалі з конна-механізаванай групай войск 1-га Беларускага фронта генерал-лейтэнанта І. А. Пліева, у якую ўваходзілі 4-ы кавалерыйскі корпус і 9-ы танкавы корпус генерал-маёра Б. С. Бахарава. Армію падтрымліваў 6-ы знішчальны авіякорпус генерал-маёра авіяцыі У. М. Дзусава і 199-я штурмавая авіяцыйная дывізія палкоўніка М. С. Вінаградава.

З паўночнага ўсходу наступалі войскі 48-й арміі генерал-лейтэнанта П. Л. Раманенкі, якія ўзаемадзейнічалі з 1-м Данскім танкавым корпусам генерал-лейтэнанта М. Ф. Панова. З паўднёвага ўсходу – войскі 28-й арміі генерал-лейтэнанта А. А. Лучынскага. Яе падтрымліваў 1-ы мехкорпус генерал-лейтэнанта С. М. Крывашэіна.

Асаблівасцю наступлення нашых войск было шырокае прымяненне рухомых атрадаў. Кожная дывізія выдзялала адзін-два стралковыя батальёны, умацаваныя некалькамі танкамі і гарматамі. Часта атрады выходзілі далёка ўперад ад галоўных сіл злучэнняў, перасякалі шляхі адыходу ворага і сустракалі яго раптоўным агнём.

Мужнасць у баях на беларускай зямлі праявіў ураджэнец Харкаўской вобласці лейтэнант І. М. Сухамлін. З’яўляючыся камандзірам танкавай роты, ён з двума танкамі першым фарсіраваў Шчару каля в. Прырэчча і па заходнім беразе магутныя танкі несліся да Слоніма.

“– Пакідаючы за сабою глыбокі след у сырой балоцістай глебе, – успамінаў Іван Міхайлавіч, – нашы машыны выйшлі на ўскраіну в. Разанаўшчына. Раптам магутны ўдар скалыхнуў танк, ён загарэўся, але ходу не спыніў. Скрозь агонь і полымя данёсся голас сяржанта Клімава: “Справа варожая самаходка!” Паспеў зрабіць адзін выстрал. На другі часу не заставалася: самаходка была ўжо ў лічаных метрах ад нас. І тады я скамандаваў механіку-вадзіцелю: “Мікалай, тарань!”. Агонь апаліў твар і рукі… Указам Прэзідыума ВС СССР ад 22 жніўня 1944 г. І. М. Сухамліну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

9 ліпеня нашы войскі выгналі ворага з Якімавіч, Нагуевіч, Загрыцькава, Дзераўной, Ісаевіч, а ў 19 гадзіне 29-ы стралковы корпус вёў баі ў наваколлі вёсак Шундры, Талькаўшчына, Прырэчча. Перадавы атрад корпуса фарсіраваў Шчару і заняў в. Паўлавічы.

Раніцай 10 ліпеня часці дывізіі вышлі да Шчары. Праціўнік не чакаў так хутка савецкіх войск і ў першыя мінуты не аказаў арганізаванага супраціўлення. Савецкія войскі распачалі штурм заходняй часткі горада. Штурмавыя атрады, падтрыманыя артылерыяй і самаходнымі гарматамі, дзейнічалі смела і выбівалі гітлераўцаў з дамоў, ачышчаючы квартал за кварталам. Да 10 гадзін вулічныя баі дасягнулі найвышэйшага напружання. Часці 37-й гвардзейскай стралковай дывізіі, якія наступалі на паўночную частку горада, рашучай атакай прарвалі абарону праціўніка, адкінуўшы яго за горад. Адначасова часці 15-й стралковай дывізіі моцным ударам у паўднёвай частцы горада зламалі супраціўленне гітлераўцаў, якія к 11 гадзінам пачалі адступаць на паўднёвы захад.

Савецкія воіны на працягу гадзіны ачышчалі Слонім ад разрозненых груп і асобных салдат праціўніка. Да 12 гадзін 10 ліпеня 1944 г. Слонім быў поўнасцю ачышчаны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Гітлераўскае камандаванне не магло змірыцца са стратай горада. На працягу гадзіны немцы контратакавалі, аднак яны былі адбіты.

11 злучэнням і чаасцям 1 -га Беларускага фронту, якія вызначыліся ў час вызвалення горада і фарсіравання Шчары, было нададзена ганаровае найменне “Слонімскіх”.

У нашых сэрцах застануцца імёны і подзвігі ўсіх, хто вытрымаў цяжкія выпрабаванні страшэннай вайны.

Галоўны захавальнік фондаў музея          Наталля Руднева

Поделиться
Перейти к содержимому