Кропка адліку
На хвалях Першага нацыянальнага канала на працягу дня будзе гучаць спецыяльны праект «Радыёкропка». Слухачы змогуць не проста пачуць рарытэтныя запісы з фондаў, але і даведацца пра асноўныя гістарычныя этапы станаўлення і развіцця беларускага радыёвяшчання.
«Сямейная праграма», у сваю чаргу, запросіць у госці адразу некалькі сем’яў радыйшчыкаў, члены якіх сёння працуюць на Беларускім радыё. Цікава, што ў асноўным яны змешаныя: адзін яе прадстаўнік з’яўляецца, напрыклад, творчым работнікам, другі — тэхнічным спецыялістам.
А вось у дакументальна-публіцыстычнай перадачы «Эпізоды Вялікай вайны» пойдзе гаворка пра ваенную гісторыю радыё. У эфіры прагучаць радыёматэрыялы перыяду ваеннага ліхалецця. Яны распавядуць пра подзвігі абаронцаў нашай Айчыны.
У інтэрактыўным праекце «Настрой!» прыхільнікаў ансамбля народнай музыкі «Бяседа» чакае сюрпрыз — радыёканцэрт з удзелам любімых артыстаў. Спевакі выканаюць як новыя кампазіцыі, так і мінулых гадоў. Напрыканцы радыёмарафону прагучыць праграма «Вітаем, віншуем, жадаем!».
Культурны ўік-энд
На канале «Культура» юбілейны марафон пачнецца з 8:00 і працягнецца да 21:00. У слухачоў будзе магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй «Культуры», паўдзельнічаць у абмеркаванні перспектыў яе развіцця, паслухаць святочныя канцэрты і атрымаць выдатныя падарункі.
Адкрые эфір трансляцыя першай творчай сустрэчы, якая адбылася ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы і была прысвечана станаўленню Беларускага радыё. Таксама на працягу дня на хвалях «Культуры» запланаваны трансляцыі канцэртаў творчых калектываў Белтэлерадыёкампаніі, якія практычна адначасова выйдуць у эфірах «Культуры» і тэлеканала «Беларусь 3». Творы айчынных кампазітараў прагучаць у выкананні сімфанічнага аркестра медыяхолдынга, а традыцыі знакамітага харавога дырыжора Віктара Роўды працягне Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі. Святочнага настрою слухачам таксама дадасць выступленне ансамбля народнай музыкі «Бяседа», якое будзе трансліравацца сумесна з Першым нацыянальным каналам.
Гісторыі з жыцця
Радыёстанцыя «Радыус FM» да 95-годдзя Беларускага радыё прэзентуе бясплатны мабільны дадатак для платформы Android, які дасць магчымасць не толькі зручна слухаць радыё, але і ўдзельнічаць ва ўсіх віктарынах. Дарэчы, ён ужо зараз даступны ў Play Market.
А вось падрыхтоўку да юбілейнага радыёмарафону «Радыус FM» пачне ўжо сёння ў ранішнім шоу «Тэорыя вялікай раніцы». З 7:00 да 10:00 у тэматычнай віктарыне, прысвечанай гісторыі радыё, сярод слухачоў будзе разыграна Bluetooth-калонка. Абавязкова далучайцеся!
Парадуе сваіх прыхільнікаў і радыёстанцыя «Сталіца», дзе падчас марафону прагучаць «Дзесяць гісторый» з жыцця Беларускага радыё. Музычны плэй-ліст традыцыйна дапоўніць інфармацыйна-забаўляльнае шоу «Добрай раніцы, Сталіца!». А свежую дзясятку лепшых хітоў падорыць праграма «Сталіца топ-10».
Міжнароднае радыё «Беларусь» падчас святочнага радыёмарафону прадставіць у эфіры тэматычныя інтэрв’ю з пасламі замежных дзяржаў, акрэдытаванымі ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама дайджэсты лепшых матэрыялаў года па грамадска-палітычнай і культурна-пазнавальнай тэматыцы. Акрамя гэтага, на працягу ўсяго дня ў эфіры будуць гучаць віншаванні Беларускаму радыё ад замежных слухачоў на ўсіх дзевяці мовах вяшчання радыёстанцыі.