У Год малой радзімы вялікая ўвага ўдзяляецца пытанням вывучэння гісторыі нашага краю. Шмат літаратуры па гэтай тэматыцы знаходзіцца ў бібліятэках горада Слоніма і Слонімскага раёна. Бібліятэкары праводзяць мерапрыемствы краязнаўчага накірунку, арганізоўваюць сустрэчы з пісьменнікамі Слонімшчыны.

Так, у філіяле “Гарадская дзіцячая бібліятэка” прайшло пасяджэнне літаратурна-краязнаўчай гасцёўні “Краяведайкі” пад назвай “Усім сэрцам да роднага краю”, у якім прымалі ўдзел вучні 5-х класаў гімназіі №1, якія з’яўляюцца членамі гасцёўні.

Вядома ж, наша маленькая радзіма – Слонімшчына – багата на архітэктурныя і прыродныя помнікі, славіцца знакамітымі людзьмі і гістарычнымі падзеямі. Дзякуючы руплівай дзейнасці гісторыкаў і краязнаўцаў усё гэта багацце збіраецца і вяртаецца з небыцця, захоўваецца для будучых пакаленняў. Вялікую работу ў гэтым напрамку праводзіць наш зямляк Сяргей Мікалаевіч Чыгрын, якога запрасілі на сустрэчу.

Мерапрыемства прайшло ў выглядзе размовы, якая адбылася паміж загадчыкамі дзіцячай раённай бібліятэкі Наталляй Гурскай, гарадской дзіцячай бібліятэкі Наталляй Апанасік і Сяргеем Мікалаевічам. Прысутных пазнаёмілі з творчым шляхам пісьменніка: паэзія, кнігі гісторыка-краязнаўчай і літаратурна-краязнаўчай тэматыкі.

Сяргей Мікалаевіч расказаў пра свой першы верш, калі яго напісаў, чым натхніўся. Падзяліўся планамі пра выданне ў будучым новага зборніка вершаў. Вершы Сяргея Чыгрына зачыталі Павел Бобчык, Паліна Сасноўская, Эвеліна Эйсмант, Ліза Мазанік і Вікторыя Палтарак, а казку “Адкуль на зямлі ўзяліся суніцы” прачытала Арына Шухно.

Госць расказаў аб тым, якую інфармацыю нясуць яго кнігі гістарычнага накірунку, пра каго пісаў, якія гістарычныя падзеі адлюстраваў.

Асобна спыніліся на кніжцы “Слонімскі буквар”, па якой Сяргей Мікалаевіч правёў цікавую гульню: дзеці называлі літару, а пісьменнік адказваў, якую інфармацыю можна знайсці ў кніжцы на гэту літару.

 Многа цікавага яшчэ расказаў Сяргей Мікалаевіч пра сваю творчасць і які ўклад ён хоча ўнесці ў захаванне гісторыі роднага краю. У час новых тэхналогій, калі не заўсёды ёсць магчымасць надрукаваць кнігі, інфармацыю можна змясціць і ў Інтэрнэце. Пісьменнік падзяліўся тым, дзе ён змяшчае гістарычныя звесткі і фота пра Слонімшчыну. Стала вядома, што наш зямляк з’яўляецца адным з заснавальнікаў электроннага выдання – краязнаўчага бюлетэня “Слонімскі край”.

Акрамя літаратурнай дзейнасці Сяргей Мікалаевіч расказаў пра сваё захапленне – калекцыяніраванне незвычайных кніжак.

Напрыканцы мерапрыемства пісьменніка павіншавалі з выхадам новай кнігі «Каляндар Слонімшчыны: даты і гады, асобы і падзеі» і пажадалі творчых поспехаў, плённай працы ў далейшым.

      

Наталля ГУРСКАЯ, загадчык дзіцячай раённай бібліятэкі

Поделиться
Перейти к содержимому