… Людзі зямлі павінны ведаць, ад якой небяспекі яны пазбавіліся, якой цаной дасталося ім гэта збавенне.
В. Быкаў
Кожны ўрок павінен выхоўваць. У цяперашні час асаблівы акцэнт робіцца на выхаваўчым патэнцыяле ўрока, павышэнні яго значнасці. Гэтаму садзейнічае і пілотны праект для вучняў 10—11 класаў па правядзенні адукацыйных экскурсій у межах вывучэння асобных тэм па вучэбных прадметах, дзякуючы якому дзеці бясплатна могуць наведваць разнастайныя аб’екты, у тым ліку ваенна-гістарычныя.
Адзін з прыярытэтных напрамкаў у рабоце настаўніка беларускай мовы і літаратуры – фарміраванне асобы вучня з развітым пачуццём нацыянальнай і асабістай самапавагі. І тэма Вялікай Айчыннай вайны мае вялікае значэнне ў выхаванні патрыятызму навучэнцаў. На ўроках беларускай літаратуры прадугледжваецца вывучэнне твораў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Кожны з іх з’яўляецца прыкладам высокай мастацкай якасці слова.
Своесаблівы ўрок памяці і праўды аб найбольш трагічным перыядзе ў нашай гісторыі адбыўся ў вучняў 11 класа ДУА “Гімназія №1 г.Слоніма” ў сімвалічным месцы — мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”. Лейтматывам сустрэчы з моладдзю стала тэма вайны ў прозе Васіля Быкава.
Проза В. Быкава — гэта сур’ёзны набытак для беларускай літаратуры. Яна з’яўляецца своеасаблівым абеліскам памяці тым, хто загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны.
Урок-экскурсію мы прысвяцілі памяці В.Быкава, нашых дзедаў, прадзедаў, усіх тых, хто бачыў вайну, ваяваў, перажыў яе. Для народа Беларусі Брэсцкая крэпасць з’яўляецца выдатным сімвалам супраціўлення ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Больш 75 гадоў прайшло з моманту заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Застаецца ўсё менш і менш сведкаў тых страшных падзей. Кажуць, што калі народ забывае сваё мінулае, то яно праз пэўны перыяд вяртаецца зноў. Самае галоўнае – захаваць мір на нашай зямлі, каб нашы нашчадкі ніколі больш не зведалі жахаў вайны. А для гэтага мы павінны ведаць сваё мінулае.
Выкарыстанне міжпрадметных сувязяў беларускай літаратуры з гісторыяй дазваляе выхоўваць у вучняў патрыятычныя пачуцці, павагу да мінулага.
Шундрык Ж.Ю., настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Гімназія №1 г.Слоніма”