Новы год – гэта адно з самых яркіх святаў года. Не любіць яго проста немагчыма. А чаканне яго выклікае толькі станоўчыя эмоцыі як у дзяцей так і ў дарослых. Як жа інакш? Гэта ж упрыгожаныя вуліцы і дамы, вокны і елкі, паўсюль рознакаляровыя аганькі і герлянды, а самае прыемнае – доўгія зімовыя канікулы, напоўненыя святамі і падарункамі. Галоўнае, не азмрочыць гэтыя дні небяспечным здарэннем.
Пагэтаму, калі ў ДУА “Жыровіцкая сярэдняя школа Слонімскага раёна” выбіралі канцэпцыю ўпрыгожвання школы і класных кабінетаў, вучні 9 класа разам з класным кіраўніком вырашылі ўпрыгожыць свой кабінет пад хэштэгам #БЯСПЕЧНЫЯ#КАНІКУЛЫ.
У кабінеце каля штучнай елкі пасяліліся Дзед Мароз са Снягурачкай. Але не звычайныя, а Філька і Лілька – героі часопіса “Юны выратавальнік”. Ды і сама елка ўпрыгожана не шклянымі ці пластмасавымі шарамі, а памяткамі, як неабходна правільна ўпрыгожваць штучную елку, каб гэта было небяспена, і памяткамі з нумарамі тэлефонаў самых важных службаў, якія прыйдуць на дапамогу ў любой небяспечнай сітуацыі.
На вокнах кабінета вы не ўбачыце выцінанак ў форме сняжынак, аленяў, пацукоў. Яны таксама тэматычныя: “Бяспечны лёд”, “Бяспечная дарога”, “Запалкі дзецям не цацкі”. А кожную пятніцу снежня на першым ўроку дзевяцікласнікі запрашаюць вучняў пачатковых класаў да сябе на экскурсію, пад час якой, спыняючыся каля кожнага з трох акон, расказваюць пачаткоўцам, як трэба паводзіць сябе зімою на дарозе, на катку і дома, як пазбегнуць небяспекі ў гэтых месцах на канікулах. Забягаюць на такія экскурсіі на перапынках і вучні пятых-шостых класаў: хто паўтарыць правілы бяспечных паводзін, а хто і палюбавацца на незвычайныя выцінанкі.
Ёсць ў кабінеце і вугалок “Мы чытаем”. Толькі на гэты раз на паліцах этажэркі вы не знойцеце навінак літаратуры, а зможаце пачытаць ці проста пагартаць падшыўку часопіса “Юны выратавальнік” за гэты год. І крэсла ў чытальным вугалку ніколі не пустуе на перапынках і пасля ўрокаў.
Будзем спадзявацца, што нашы старанні і намаганні не будуць дарэмнымі, і вучні школы добра адпачнуць, а іх канікулы будуць бяспечнымі.
Адамчык Н.А., настаўнік, які выконвае функцыі класнага кіраўніка