28 верасня наш паважаны зямляк Уладзімір Уладзіміравіч Жолудзь, якога слонімцы ў першую чаргу ведаюць, як былога дырэктара КУП «Слонімскі драбільна-сартавальны завод», адзначыў свой 70-гадовы юбілей. Гэта цудоўная дата стала нагодай, каб расказаць пра выдатнага чалавека, які ўсё жыццё прысвяціў будаўнічай сферы і ўнёс значны ўклад у развіццё эканомікі Слонімшчыны.

Уладзімір Уладзіміравіч нарадзіўся 28 верасня 1953 года ў вёсцы Міжэвічы ў дружнай шматдзетнай сям’і Уладзіміра Фаміча і Веры Антонаўны Жолудзь, у якіх было дзве дачкі Ніна і Таццяна і двое сыноў Віктар і Уладзімір. Ужо з маладых гадоў юбіляр праяўляў цікавасць да тэхнічных навук і будаўніцтва, што паўплывала на яго далейшы выбар прафесіі і кар’еру. У 1960-я гады па ўсёй краіне «грымелі» маштабныя будоўлі. Узводзіліся дамы, пракладваліся дарогі, будаваліся фабрыкі і заводы. Прафесія будаўніка мела высокі статус.
Родныя Уладзіміра Уладзіміравіча падтрымалі яго ў імкненні вучыцца і будаваць мірную, шчаслівую будучыню, бо з дзяцінства ён выхоўваўся на апавяданнях бацькі пра жахі вайны.
“Мой бацька Уладзімір Фаміч нарадзіўся ў 1912 годзе, – распавядае Уладзімір Уладзіміравіч. – Ён быў удзельнікам нацыянальна-вызваленчага руху супраць прыгнёту буржуазнай Польшчы. У 1941 годзе, амаль перад самым пачаткам вайны, ён быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Трапіў у будаўнічы батальён, таму што меў вопыт будаўніцтва дарог. Служыў пад Гродна, дзе будаваўся ваенны аэрадром.

22 чэрвеня 1941 г. нямецкія самалёты разбамбілі аэрадром і вайсковую часць, дзе служыў бацька. Ён і яго таварышы, якія выжылі, апынуліся ў глыбокім тыле, яны вырашылі вярнуцца дадому. Але ў Міжэвічах немцы арыштавалі бацьку і адправілі спачатку ў Слонімскую турму, а затым у канцэнтрацыйны лагер у Калдычаве (Баранавіцкі раён). У лютым 1942 года бацьку і другіх зняволеных пасадзілі ў вагоны і адправілі ў канцлагер у польскі горад Седльце. Там яны, амаль голыя, толькі ў лёгкай вопратцы, без нармальнага абутку, зімой здабывалі торф. Праз некаторы час бацьку і яго земляку Уладзіміру Рэкуну ўдалося ўцячы з лагера.
Калі Уладзімір Фаміч вярнуўся ў Міжэвічы, то стаў сувязным атрада Сталіна брыгады Ракасоўскага. Пасля вызвалення Беларусі бацька працаваў фінагентам Слонімскага райвыканкама. Гэта была важная, але небяспечная праца, таму што яшчэ заставалася шмат банд. У 1946 годзе на бацьку быў здзейснены напад, ён быў паранены. Затым працаваў брыгадзірам у калгасе імя Сталіна. Быў таленавітым садоўнікам і агароднікам, вырошчваў выдатныя гатункі гародніны і садавіны, за што быў неаднаразова ўзнагароджаны Ганаровым медалём ВДНГ СССР і іншымі ўзнагародамі”.
Пасля заканчэння Міжэвіцкай сярэдняй школы ў 1968 годзе Уладзімір Уладзіміравіч паступіў у Мінскі індустрыяльны тэхнікум будаўнічых матэрыялаў, дзе актыўна развіваў і папаўняў свае веды і навыкі. У 1972-1974 гадах праходзіў тэрміновую службу ў радах Савецкай Арміі.

Сваю працоўную дейнасць пачаў на Баранавіцкім камбінаце жалезабетонных канструкцый на пасадзе інжынера-канструктара. Яго прафесійныя навыкі і адданасць справе не засталіся незаўважанымі, і ў 1976 годзе ён быў прызначаны на пасаду механіка Слонімскага драбільна-сартавальнага завода.
Уладзімір Уладзіміравіч Жолудзь займаў розныя пасады на заводзе, але заўсёды дэманстраваў высокі прафесіяналізм, энтузіязм і адданасць справе. Дзякуючы яго намаганням, умеламу і разумнаму кіраўніцтву завод паспяхова развіваўся і дасягнуў значных вынікаў у вытворчасці і экспарце будаўнічых матэрыялаў.
“Слонімскі драбільна-сартавальны завод будаваўся ў 1974-1978 гадах, – распавядае юбіляр. – Мне давялося займацца яго ўкамплектаваннем. Ездзіў закупляць металаканструкцыі, тэхніку і дэталі ў Варонеж, Кастраму, Чалябінск і на іншыя буйныя заводы, якія пастаўлялі экскаватары і бульдозеры. У 1985 годзе мяне прызначылі галоўным інжынерам, а ў 1991 годзе – дырэктарам”.
За гады кіраўніцтва У.У. Жолудзя заводам было дабыта і перапрацавана калі 15 мільёнаў кубаметраў пясчана-гравійнай сумясі, з якой можна было пабудаваць каля 20 мільёнаў квадратных метраў жылля. Разам з юбілярам працавалі сапраўдныя прафесіяналы А.А. Крупко, Я.С. Дубак, А.С. Гунько, М.М. Рубец, В.М. Яўхута і многія другія”.
У.У. Жолудзь паралельна з работай вучыўся ў Беларускім інстытуце народнай гаспадаркі. У 1990 годзе атрымаў дыплом эканаміста.
Узначальваючы 22 гады Слонімскі драбільна-сартавальны завод У.У. Жолудзь змог так мадэрнізаваць, расшырыць і ўдасканаліць работу прадпрыемства, што завод значна перавысіў планавую магутнасць і пачаў забяспечваць будаўнічымі матэрыяламі значную частку прадпрыемстваў Беларусі, за што будаўнічыя прадпрыемствы і дарожныя арганізацыі краіны былі вельмі ўдзячны.
У 2009 годзе У.У. Жолудзь быў узнагароджаны нагрудным знакам “За заслугі ў будаўніцтве”.

Непарыўная сувязь ветэрана з заводам, якім ён кіраваў, мудрыя саветы дапамагаюць калектыву дасягаць і сёння выдатных вынікаў.
У 2010 годзе Уладзімір Уладзіміравіч быў абраны дэпутатам Слонімскага раённага Савета дэпутатаў па будаўнічай выбарчай акрузе № 22. У сваёй дэпутацкай дзейнасці ён праявіў патрыятычную адказнасць і клопат пра дабрабыт нашага рэгіёна і яго жыхароў.
Усё жыццё побач з Уладзімірам Уладзіміравічам яго жонка Валянціна Пятроўна – выдатны настаўнік, выкладчык беларускай мовы і літаратуры Сялявіцкай школы, а затым гімназіі № 1. Разам яны выхавалі выдатных дзяцей Дзмітрыя і Вольгу. Сваімі поспехамі радуюць дзядулю і бабулю ўнукі Ягор, Канстанцін і Арсеній.
Уладзімір Уладзіміравіч з’яўляецца патрыётам свайго краю і актыўным сябрам грамадскага аб’яднання “СлонімКаналАгінскага”, у якое ўваходзяць нашы знакамітыя землякі. З нагоды юбілею савет ГА “СлонімКаналАгінскага” выказвае У.У. Жолудзю шчырую ўдзячнасць за актыўны ўдзел у грамадскай рабоце аб’яднання.
“Дзякуй за бясцэнны вопыт і перспектыўныя ідэі на карысць дзейнасці аб’яднання, – гаворыцца ў віншаванні. – Вы заслужылі высокую павагу ўсіх добрых людзей Слонімшчыны, шчырым патрыётам якой Вы з’яўляецеся з дзяцінства і да нашых дзён. Мы рады за Вас, Уладзімір Уладзіміравіч, ганарымся Вамі, Вашымі поспехамі. Вы здольны рабіць толькі дабро для людзей, да якіх ставіцеся з вялікай любоўю і павагай.
Жадаем Вам моцнага здароўя, невычэрпнага аптымізму, дастатку, працвітання! Так трымаць да 100 гадоў! Добрага здароўя таксама Вашай дружнай сям’і – жонцы, дзецям, унукам.
Няхай Вам і Вашай сям’і спадарожнічае ўдача, поспех і дабрабыт!”

Ігар ПРАКОФ‘ЕЎ
Фота з сямейнага архіва

Поделиться
Перейти к содержимому