15 ліпеня ў весцы Сялявічы адбылося свята пад назвай «Добры дзень, суседзі!». У госці да сваіх суседзяў прыехалі жыхары вескі Драпава.
Мерапрыемства пачалося з велапрабегу, прысвечанага году малой Радзімы. Раніцай гэтага дня аматары веласпорту на чале са старшыней Азярніцкага сельвыканкама Ганнай Іосіфаўнай Пяцько адправіліся да брацкай магілы, што ў весцы Кракотка. Там адбылася цырымонія ўскладання вянкоў да помніка. На свята ў веску Сялявічы ўдзельнікі велапрабегу заехалі арганізаванай калонай.
Асабістай увагі ў гэты дзень былі ўдастоены жыхары вескі, узрост якіх перавысіў 80 гадоў. Сталым людзям былі паднесены падарункі. Самая старэйшая жыхарка вескі Сялявічы – Казіміра Сямёнаўна Крушневіч. Ей у гэтым годзе споўнілася 102 гады.
Затым пачалася святочная праграма, падчас якой выступілі калектыў філіяла «Драпаўскі цэнтр народнай творчасці» і самадзейныя артысты з Сялявіч.
Была арганізавана гульнёва-забаўляльная праграма з удзелам каманд вуліц вескі. Чатыры каманды вуліц спаборнічалі ў снароўцы і шпаркасці. Удзельнічалі ў невялікай эстафеце, як малыя, так і сталыя людзі.
На школьным стадыёне прайшоў матч па футболу паміж камандамі Сялявіч і Азярніцы.
Была размешчана выстава-продаж вырабаў народнай творчасці. Для самых маленькіх гасцей свята была прадугледжана гульнёвая праграма і атракцыёны. Для старэйшых – бяспройгрышная латарэя і выязны гандаль.
Напрыканцы мерапрыемства сяльчане гаварылі, што адпачылі душой, атрымалі толькі станоўчыя эмоцыі і добры настрой, якога хопіць на працяглы час. Гэта было сапраўднае свята сяброўства. Нездарма ж у народзе кажуць: “Няма лепшага сваяка, чым добры сусед”.
Кацярына ЯНУШЭВІЧ.
Фота аўтара.