Вучні 1-2 класа Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы пабывалі на экскурсіі ў рэдакцыі газеты “Слонімскі веснік”.
Пра тое, што дзеці прыехалі ў госці і іх тут чакаюць, яны зразумелі адразу: як толькі адчыніліся дзверы рэдакцыі, усе ўбачылі гасціннага гаспадара – галоўнага рэдактара Кірыла Ляшчанку. Ён ветліва сустрэў экскурсантаў і запрасіў да сябе ў прасторны светлы кабінет. Кірыл Віктаравіч цікава і даступна расказаў дзецям аб тым, што такое газета, для чаго і як яна ствараецца, таксама аб 80-гадовым юбілеі выдання. Вучні даведаліся аб прафесіі карэспандэнта, якому неабходна мець шырокі кругагляд, умець карыстацца рознымі камп’ютарнымі праграмамі, прафесійнай апаратурай. Сучасны фотаапарат, з якога адразу атрымліваюцца фотаздымкі, быў прадэманстраваны вучням з толькі што зробленым фотаздымкам. А калі Кірыл Віктаравіч дастаў з шафы дрон і пульт упраўлення да яго, то вочы дзяцей дапытліва загарэліся, яны ажывіліся, узнікла адразу шмат пытанняў і прапаноў. Галоўны рэдактар расказаў аб прынцыпе работы такога апарата. Кожнаму хацелася дакрануцца рукой да гэтай навінкі. Прадоўжыў экскурсію Ігар Пракоф’еў. Ён расказаў аб дасягненнях, узнагародах “Слонімскага весніка”. Таксама запомніўся вучням расказ Ігара Мікалаевіча аб гістарычным будынку рэдакцыі, яго былых гаспадарах. А яшчэ дзецям пашчасціла пабываць у розных кабінетах рэдакцыі і пазнаёміцца з супрацоўнікамі, якія па-добраму нам усміхаліся. Экскурсія вельмі спадабалася. Выказваем шчырую ўдзячнасць Кірылу Віктаравічу Ляшчанку і Ігару Мікалаевічу Пракоф’еву за гасціннасць.
Н.П. Якубчык, настаўнік пачатковых класаў Новадзявяткавіцкай СШ