З 20 па 25 лютага прайшоў Тыдзень роднай мовы “Мова краіны маёй”, які  пачаўся з афішавання мерапрыемстваў, была арганізавана выстава “Скары з кніжнай паліцы”. У першы ж дзень для вучняў 3-4 класаў быў арганізаваны інтэрактыўны перапынак “Забаўлянкі з роднай хаткі”.

21 лютага ў Дзень роднай мовы ўсе актыўна далучыліся да акцыі “Рускай мове дай разгрузку, размаўляй са мной па-беларуску”. Не абышлося і без чытання любімых вершаў на беларускай мове: чэлендж “Паэтычны дзень з роднай мовай” сабраў аматараў беларускай паэзіі. Падчас літаратурнай кампазіцыі “Як ты дорага мне, мая родная мова” гучалі шчырыя словы ў гонар беларускай мовы. І навучэнцы, і педагогі пісалі Гродзенскі абласны дыктант, мелі магчымасць праверыць веданне роднай мовы. Вучні 9-11 класаў з вялікім задавальненнем прынялі ўдзел у інтэлектуальным марафоне “Свая гульня”, у час якога неабходна было паказаць веды па беларускай мове, літаратуры, культуры, праявіць эрудыцыю.

У рамках Тыдня роднай мовы спаборнічалі каманды навучэнцаў  7-8 класаў у інтэлектуальнай гульні “З родным словам круглы год” , а вучні 3-4 класаў – у свяце-конкурсе “Беларуская скарбонка”. Вялікую цікавасць выклікалі “Масленічныя забавы”. Жадаючых быць удзельнікамі конкурсаў і віктарын было многа. Напрыканцы мерапрыемства не абышлося без традыцыйных для гэта свята бліноў, якімі частаваліся ўдзельнікі “Масленічных забаў”. У час закрыцця Тыдня роднай мовы былі адзначаны прызамі самыя актыўныя яго ўдзельнікі.

Вучні з задавальненнем наведвалі мерапрыемствы, чыталі вершы. У сценах школы гучала беларускае слова, яно выхоўвала, падтрымлівала і дарыла радасць. Мерапрыемствы Тыдня садзейнічалі развіццю інтэлектуальных магчымасцей вучняў, іх творчых здольнасцей, выхаванню любові і павагі да роднай мовы, падтрымлівалі цікавасць да яе вывучэння.

Людміла ТРУТНЕВА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі “Міжэвіцкая сярэдняя школа Слонімскага раёна”

Поделиться
Перейти к содержимому