Дзень народнага адзінства плаўна перайшоў у святкаванне Тыдня роднай мовы, развітаўшыся да наступнага года аднайменнай назвай дыктанта, які пісалі ўсе старшакласнікі нашай рэспублікі.
Раніца наступнага дня прадоўжыла святочную сямідзёнку акцыяй “Размаўляй са мной па-беларуску”, а дзень распачаў цікавую КТС: вучні разам з настаўнікамі складалі інтэрактыўнае воблака “Маё любімае слова па-беларуску” і рыхтавалі віншавальныя паштоўкі “Пажаданні роднай мове”. Народны музей установы гасцінна адчыніў дзверы для старшакласнікаў, для якіх была праведзена экскурсія па выставе-экспазіцыі “Навуковага слова майстар”.
У творчай трыядзе класнага кіраўніка, пяцікласнікаў і іх законных прадстаўнікоў ладзіўся “Гастранамічны фэст”. Паспрабавалі сябе вучні і ў ролі мадэльераў праз паказ адзення ў традыцыйным стылі пад назвай “Будзь у трэндзе!” Вучні наведалі ў школьным ІБЦ выставу “Сэрцам роднага слова краніся”, прынялі ўдзел у прэзентацыі кніг “Скарбонка гістарычнай памяці”. Затым эстафету на дыстанцыі святкавання вучні перадалі сваім настаўнікам, якія прынялі ўдзел у вэб-квэсце “Адукацыйнае падарожжа па родных мясцінах”. Знайшла сваё месца ва ўстанове і выстава-конкурс “Пад небам сінім”, прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Адбылася трансляцыя мультымедыйнай прэзентацыі “Інфармацыйная прастора кабінета беларускай мовы і літаратуры нашай школы”. Фінальным акордам стала творчая акцыя “Чытаем Максіма Танка разам”.
Вольга Блізнюк, настаўнік
беларускай мовы і літаратуры
Новадзявяткавіцкай СШ