На гэтым тыдні цэлы шэраг святочных мерапрыемстваў у школах будзе прымеркаваны да Дня беларускай мовы. Ва многіх установах адукацыі вобласці пройдуць агульныя дыктоўкі, конкурсы чытальнікаў вершаў і выканаўцаў музычных твораў на вершы беларускіх пісьменнікаў, а таксама ўласных твораў, прысвечаных мове. Будуць арганізаваны кніжныя выставы, прысвечаныя творчасці пісьменнікаў-юбіляраў, і конкурсы малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў. Сустрэнуцца хлопчыкі і дзяўчынкі з пісьменнікамі Гродзеншчыны.
Не выпадкова менавіта 21 лютага – у Міжнародны дзень роднай мовы – будзе дадзены старт абласному этапу конкурсу відэаролікаў “У краіне роднай мовы”. Аддаць свой голас у падтрымку адной з творчых работ школьнікаў можна будзе на сайце grodnonews.by.
– Жыхароў абласнога цэнтра ў Дзень беларускай мовы запрашаем на тэатралізаваную гульню-віктарыну ў СШ №32, – паведаміла галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Ірына Малевіч. – Таленавітая, улюбёная ў беларускую мову моладзь – вучні сярэдніх школ №32 i №34, студэнты педагагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы – у ролі знакамітых беларускіх пісьменнікаў прапануюць удзельнікам мерапрыемства крэатыўныя творчыя заданні.
Юныя лідчане ў СШ №16 адправяцца ў займальнае падарожжа з прыпынкамі на тэматычных станцыях, дзе іх чакае флэшмоб, майстар-клас, віктарына і беларускія гульні, а таксама прадстаўленне батлейкі і нават экскурс у этнаграфічны музей установы.
Вучні і настаўнікі сярэдняй школы №3 у Мастах 21 лютага запрашаюць на свята “Размаўляй па-беларуску!”. З раніцы ў школе будуць гучаць песні на беларускай мове, кожны жадаючы зможа паўдзельнічаць у акцыі “Пішам дыктант разам”, наведаць школьны музей і пачаставацца стравамі нацыянальнай кухні.
У Лунненскай сярэдняй школе імя Івана Шарамета жыхарам Мастоўскага раёна прапануюць стаць удзельнікамі своеасаблівага тэлепадарожжа. Удзельнікі вандроўкі не толькі пазнаёмяцца з беларускамоўнымі тэлеперадачамі “Размаўляем па-беларуску”, “Беларуская кухня”, “Шукаем шэдэўры”, “Беларускі хіт-парад”, “Хата на хату”, але і правераць сваё веданне беларускай мовы.
ВАРТА ПАЧЫТАЦЬ
Кірмаш прафесій для адзінаццатых класаў прайшоў у гімназіі Шчучына