Пра тое, з якiмi набыткамi лiтаратары Гродзеншчыны сустракаюць XXVI Свята беларускага пiсьменства, што адбудзецца ў Слонiме 31 жнiўня – 1 верасня, «Гродзенскай праўдзе» распавяла старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Людмiла Кебiч.
– Дзень беларускага пісьменства найперш за ўсё – свята кнігі і тых, хто натхнёна піша іх. Таму першае пытанне заканамернае: як празаікі і паэты рэгіену рыхтуюцца да знакавай падзеі?
– Пісьменнікі рэгіёну заўсёды адказна падыходзяць да Свята беларускага пісьменства, а калі яно адбываецца на гродзенскай зямлі, тым больш. Мы яшчэ ў пачатку лета вызначылі дэлегатаў, якія будуць удзельнiчаць у свяце на пляцоўцы «Слова пісьменніка», якую даручана апекаваць нам. Складзена праграма выступленняў пісьменніцкіх дэлегацый з розных абласцей краіны, прэзентацый новых кніг і альманахаў. Адметным будзе i тое, што ў Слоніме ўпершыню мы прадставім магчымасць для прэзентацыі творчасці не толькі прафесійным творцам, але і лепшым самадзейным аўтарам. Так, плануюцца выступленні Слонiмскага раённага літаратурнага аб’яднання імя Анатоля Іверса, якім кіруе наша калега, беларуская паэтэса Ірына Войтка, і добра вядомага Гродзенскага гарадскога літаратурнага аб’яднання «Надежда» пад кіраўніцтвам Святланы Глямбоцкай. Акрамя таго, нашы паэты і празаікі выступяць з прэзентацыяй сваіх кніг на іншых пляцоўках. Атрымалі запрашэнне ад выдавецтва «Народная асвета» Галіна Богдан (Ліна Багданава) і Аляксей Якімовіч. Плануецца, што Дзмітрый Радзівончык і Людміла Кебіч прэзентуюць свае новыя кнігі на пляцоўцы Гродзенскага «Аблсаюздруку», а Людміла Шаўчэнка і Ганна Скаржынская-Савіцкая – на пляцоўцы «Гродна-кніга» і інш.
– На ваш погляд, як сёння, у наш час электронных прыладаў і анлайну, літаратуры, у прыватнасці беларускай, зноў стаць папулярнай? Ці дапамагаюць у гэтым такія фэсты, як Дзень пісьменства?
– Любыя мерапрыемствы, скіраваныя на прапаганду кнігі, а тым больш Свята беларускага пісьменства – цудоўная нагода для папулярызацыі айчыннага мастацкага слова. Літаратура не толькі частка агульнай культуры грамадства. Гэта наша жыццё, аб’ектыўна ўвасобленае ў слове, вобразе… Пагадзіцеся, і ў анлайне нельга губляць чалавечнасцi, свайго твару, сваёй душы, iнтэлекту. Нельга здраджваць свайму сумленню. Так, час дыктуе свае ўмовы. Каб канкурыраваць з новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, новымі павевамі, сучасны літаратар вядзе пошук новых форм творчасці, новых тэм. Іх мноства. Трэба толькі старацца паспяваць за часам, адчуваць яго дух. А гэта не ва ўсіх атрымоўваецца. Часцяком здаецца, што тэмы, сюжэты падрабнелі. Няма войнаў, магутных катаклізмаў? Калі пісьменнік так лічыць, ён вядзе вайну з самім сабой.
Пісаць на бытавыя, жаночыя тэмы, ствараць фэнтэзі і прыгодніцкую літаратуру ўжо недастаткова. Самая бадай патрэбная, папулярная тэматыка зараз – гэта маральна-псіхалагічная, філасофская. І тут падсцерагае небяспека – можна проста збіцца на маралізатарства. Вось вам і першы пункцік для роздуму.
– Што патрэбна пісьменнікам, акрамя натхнення, каб імёны беларускіх творцаў зноў ярка ззялі на мастацкім небасхіле?
– Чаму «каб зноў ззялі»? Імёны беларускіх творцаў ззяюць з самых даўніх часоў і падаюць цудоўны прыклад патрыятызму: вучаць любові да роднай мовы і Радзімы. Таленавітыя творцы і творы сёння ёсць. Але для ўсеагульнай гармоніі ім неабходныя таленавітыя чытачы, таленавітыя рэдактары-выдаўцы, высокапрафесiйныя крытыкі-даследчыкi, кампетэнтныя журналісты-аглядальнікі, прадаўцы-маркетолагi, рэкламныя агенты… Спіс можна працягваць.
Што мы маем у рэальнасці як вынiк? Людзі не толькі не ведаюць сучасную беларускую літаратуру. Далёка не ўсе жыхары Гродна і Гродзенскай вобласці ведаюць сваіх пісьменнікаў-землякоў, з іх творчасцю незнаёмыя. Усё пачынаецца са свайго? Дык давайце крочыць у будучае разам, адзiнаю грамадой!
– Ці павялічваецца колькасць маладых талентаў?
– Наконт маладых творцаў, заўсёды стараемся заахвоціць, знайсці таленавітых паэтаў і празаікаў. Да нас у аддзяленне часта прыходзяць маладыя творцы. Ёсць сярод іх тыя, кім сапраўды ганарымся. Напрыклад, паэтэса Вікторыя Смолка – самы малады сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі. Аліна Паўлоўская, якая толькі рыхтуецца да ўступлення ў шэрагі СПБ, ужо заняла першае месца на Міжнародным фестывалі-конкурсе паэзіі і паэтычных перакладаў «Берега дружбы», які прайшоў у Расіі, і прывезла сертыфікат прафесійнага перакладчыка. Разумеем, што неабходна амалоджваць калектыў Саюза пісьменнікаў, а з другога боку, хто не піша вершы ў летуценным узросце 15-18 год?! А што потым? Многія затым не ўспамінаюць пра свае рыфмаванкі ўсё жыццё. А вось тыя, хто і пасля 25-30 не згубілі паэтычна-рамантычны імпэт, гэта нашыя людзі. Так што, працуем у гэтым накірунку мэтаскіравана і цярпліва.
– З чым гродзенскія аўтары прыедуць на свята ў Слонім? З новымі кнігамі? Праектамі, магчыма? Чым будзеце здзіўляць наведвальнікаў?
У Слонім паедзем з вялікім жаданнем, добрым настроем, прадуманай праграмай, цікавымі пісьменнікамі, новымі кнігамі і праектамі. Тым больш, што праектаў у нас шмат. У апошнія гады мы ствараем анталогіі паэзіі і паэтычных перакладаў з польскімі і расійскімі калегамi, нядаўна завязалі сувязі з пісьменнікамі Азейбарджана, у выніку з’явіліся пераклады вершаў нашых паэтаў у літаратурнай газеце Баку. Гэта толькi пачатак. Да канца года павінен выйсці часопic «Настоящее время» ў Латвіі (Рыга) таксама з публікацыямі гродзенскіх пісьменнікаў. Разумееце, вельмі многае залежыць ад сацыяльнага дыялогу, на які мы заўсёды настроеныя. Таму здзіўляць будзем розным: кагосьцi – новымi выданнямi, арыгiнальнымi праектамi, а кагосьцi – тым, што мы ёсць.