Падчас маштабнага святкавання Дня беларускага пісьменства праходзілі спаборніцтвы па веславанні на байдарках і каноэ сярод адзіночнікаў. Спартсмены, якіх сабралася амаль сто чалавек, спаборнічалі на дыстанцыі 500 метраў. Старт першаму заезду даў міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук.
Пераможцамі заплыву ў каноэ-адзіночцы сталі Аліна Шырокава, Данііл Лысуха і Іван Панасеня. А па выніках заплыву на байдарках, перамаглі Максім Захарчук, Уладзімір Цыпурка, Уладзіслаў Троцкі і Юрый Беласкірскі.
Падчас свята ў Слоніме адбыліся таксама спаборніцтвы па гандболе сярод юнакоў 14-16 гадоў. Пазмагацца за званне мацнейшых на спартыўнай пляцоўцы СДЮШАР №2 Слоніма сабраліся дзевяць каманд з розных школ горада.
Усяго спартсменам давялося адыграць дзесяць гульняў, кожная з якіх трымала ў напрузе і балельшчыкаў, і саміх удзельнікаў, і, варта адзначыць, усе гульцы праявілі добрую фізічную падрыхтоўку і паказалі годныя вынікі. Дарэчы, спаборніцтвы праходзілі па алімпійскай сістэме.
Так, па выніках усіх дзесяці гульняў, пераможцамі сталі вучні СШ №10, на другім месцы размясцілася каманда юнакоў СШ №7, а заслужанае трэцяе месца дасталася спартсменам, якія прадстаўлялі гонар СШ №2. І, канешне, не абышлося і без узнагарод: каманды-пераможцы атрымалі заслужаныя граматы.