Над маральнымі і культурнымі каштоўнасцямі разважалі законныя прадстаўнікі шасцікласнікаў Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы падчас бацькоўскага ўніверсітэта на тэму “Сям’я як персанальнае мікраасяроддзе жыцця і развіцця дзіцяці”. Своеасаблівым матывацыйным этапам сустрэчы стала прытча “Аб пажаданні на Новы год”. І хоць да гэтага свята яшчэ, здавалася б, далёка, менавіта гісторыя аднаго з дзяцей прапанавала задумацца прысутным аб тым, што зрабіць, каб ў лісце Дзеду Марозу не прыйшлося прачытаць бацькам аб пажаданні іх дзіцяці стаць тэлевізарам або камп’ютарам, вакол якога ўсе збіраюцца, каб паслухаць, параіцца, падзяліцца думкамі.
У ходзе круглага стала бацькі пазнаёміліся з пяціўзроўневай пірамідай псіхолага Абрахама Маслоу, якая мела выгляд іерархічнай сістэмы дамінавання неабходных чалавеку ўмоў для жыцця і паспяховага развіцця. Кожны з прысутных меў магчымасць суаднесці дадзеныя з працэнтам задавальнення гэтых патрэб ва ўласнай сям’і, выказаць думку наконт таго, што трэба зрабіць, каб лічба гэтых працэнтаў расла. Першае, над чым пэўна прыйдзецца папрацаваць – гэта павялічыць час, які дарослыя трацяць на гутарку з уласным дзіцём. Цікавым фактам стала тое, што, як сцвярджаюць навукоўцы, сучасныя бацькі адводзяць на гэта толькі дваццаць хвілін у дзень, пры тым што дзесяць з іх прыходзяцца на “раздачу ўказанняў”.
Пасля абмеркавання мадэляў зносін з дзяцьмі бацькі прыйшлі да меркавання, што найбольш спрыяльным для паспяховага развіцця дзіцяці будзе дэмакратычны стыль. Пры гэтым дарослыя патрабуюць ад дзяцей асэнсаванасці, праяўляюць цвёрдасць, што фарміруе адказныя сацыяльныя паводзіны.
У якасці дамашніх падказак законным прадстаўкам былі прапанаваны памяткі “Правілы сямейнага выхавання” і “Патрабаванні, якія павінны жыць у сям’і”.
Рэфлексійны этап сустрэчы прайшоў у форме “Незакончаных сказаў”, падчас запаўнення якіх бацькі дзяліліся сваімі ўражаннямі ад правядзення бацькоўскага ўніверсітэта і ведамі, якія стануць цяпер добрымі дарадцамі ў самым важным для іх прызначэнні – выхаванні дзяцей.
Вольга Блізнюк, педагог, які выконвае функцыі класнага кіраўніка 6 класа Новадзявяткавіцкай СШ