Дзяржаўнае свята народнага адзінства ў нашай краіне адзначаецца толькі другі год. Але яно ўжо паспела знайсці сваіх прыхільнікаў і аднадумцаў. 17 верасня – гэта своеасаблівае свята, якое аб’ядноўвае ўсіх тых, хто носіць прыгожае і гордае імя – беларусы. Гэта знакавае свята з’яўляецца сімвалам гордасці за нашу Беларусь, за нашых продкаў, якія адстаялі незалежнасць.
З нагоды дзяржаўнага свята ў нашай установе прайшло мноства мерапрыемстваў: урокі памяці, акцыя, урачыстая лінейка, музейныя ўрокі. З вучнямі 6-7 класаў быў праведзены урок памяці “Мы – адзінае цэлае!”, які спрыяў фарміраванню ў іх грамадзянскай адказнасці, усведамлення сваёй прыналежнасці да беларускага народа, патрыятызму.
Напачатку ўрока ўдзельнікі мерапрыемства здзейснілі экскурс ў гісторыю Беларусі і яшчэ раз успомнілі вытокі гэтага свята, якое вяртае ўсіх нас да даты 17 верасня 1939 года. Урок памяці прайшоў у незвычайнай форме. Выхаванцы калектыўна складалі творчы альбом ”Мы адзінае цэлае”, у які ўвайшлі старонкі: “Дасягненні сувэрэннай Рэспублікі Беларусь”, “Турысцка-краязнаўчая”, “Вайна – боль і памяць народа”, “Перамога”. Удзельнікі ўрока адзначалі працоўныя і спартыўныя дасягненні не толькі Беларусі, але і сваёй малой радзімы – Слонімшчыны. Тым больш, што 2022 год знакавы для нашага роднага горада Слоніма, які ў жніўні адзначыў свой 770-гадовы юбілей. З гонарам выхаванцы гаварылі і пра сваіх землякоў: былую трактарыстку Марыю Жарко, ганаровага жыхара аграгарадка Сялявічы і горада Слоніма Часлава Фаміча Шмігіру, паэтаў-землякоў Валянціна Таўлая, Алеся Сучка, Міколу Арочку і іншых. Не прамінулі выхаванцы і жахлівыя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, падчас якіх нашы беларусы праявілі гераізм і самахвярнасць. На апошняй старонцы творчага альбома вучні сабралі васільковы букет з пажаданнямі сваёй роднай Беларусі. А яны былі самымі рознымі: новых здзяйсненняў, перамог, таленавітых людзей, мірнага неба. Можна з упэўненасцю сказаць, што кожны ўдзельнік урока памяці ўклаў сваю часцінку душы ў стварэнне творчага альбома “Мы – адзінае цэлае!”
Таксама ўсе вучні нашай установы адукацыі прынялі актыўны ўдзел у акцыі “Айстопер”. Сваімі рукамі выхаванцы вырабілі браслеты і павіншавалі жыхароў нашага аграгарадка Сялявічы са святам. А на памяць падарылі атрыбут свята народнага адзінства – браслет з выявай нацыянальнай сімволікі Беларусі. Сваё прызнанне і любоў да Беларусі выказалі таксама члены БРПА нашай установы адукацыі праз удзел у чэленджы “Паэзіяй адзіныя”. Вучні артыстычна і па-майстэрску на мілагучнай беларускай мове чыталі вершы беларускіх паэтаў.
Цікава і змястоўна прайшоў тыдзень адзінства ў нашай установе адукацыі. А завяршыўся тыдзень велапрабегам “Калі мы адзіныя, мы непераможныя”. Школьнікі разам з настаўнікамі праехалі на веласіпедах па наваколлі родных вёсак і яшчэ раз упэўніліся, якая прыгожая наша Беларусь.
Аксана Крачко, настаўнік беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі “Сялявіцкая базавая школа Слонімскага раёна”