Мова – гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ. (Іван Мележ)
Менавіта пад такім дэвізам прайшла традыцыйная Дэкада беларускай мовы, літаратуры, культуры і мастацтва ў Дзяржаўнай установе адукацыі “Вучэбна-педагагічны комплекс Навасёлкаўскі яслі-сад – базавая школа Слонімскага раёна”. Кожны дзень арганізатары спрабавалі напоўніць цікавымі падзеямі і мерапрыемствамі. Праводзіліся яны з мэтай развіцця ў вучняў творчых здольнасцей, выхавання беражлівых адносін да слова, любові да беларускай літаратуры і культуры.
Урачыстае адкрыццё Дэкады пачалася акцыяй “Дарагія сэрцу словы”, якая дала магчымасць вучням і настаўнікам запісаць свае любімыя словы па-беларуску. Гучалі кампазіцыі вядомых беларускіх выканаўцаў. У фае школы размяшчаліся стэнды: “Дэкада беларускай мовы, літаратуры і мастацтва запрашее”, “Гучы роднае слова”, “Асветнікі Беларусі”. З самага ранку ў школе адчуваўся святочны настрой.
Наступныя дні Дэкады былі не менш насычанымі. Вучні з вялікім задавальненнем і цікавасцю наведалі этнаграфічны пакой школьнага музея, дзе пазнаёміліся з заняткамі і промысламі беларусаў.
У школьнай бібліятэцы была падрыхтавана выстава “Кнігі-юбіляры”. Госці маглі не толькі праглядзець кнігі, але і пазнаёміцца з гісторыяй іх напісання.
Цікавым мерапрыемствам Дэкады стаў конкурс малюнкаў “Казка запрашае”, які адлюстраваў любоў вучняў1-4 класаў да вуснай народнай творчасці. Вучні 5-9 класаў свае мастацкія здольнасці праявілі ў конкурсе “Люблю цябе, зямлі бацькоўскай слова”.
Самыя маленькія выхаванцы ўстановы таксама прынялі ўдзел у святкавінні Дэкады. Для дзетак дзіцячага садка быў прапанаваны відэасалон “У гасцях у казкі”. У сельскай бібліятэцы было падрыхтавана свята “Сустрэча з беларускай казкай”.
Роднае слова з’яўляецца адным з самых вялікіх здабыткаў кожнага народа, люстэркам культуры. Дзеля папулярызацыі беларускай мовы напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў школе прайшла акцыя “Размаўляем па-беларуску”, у межах якой дзеці ўзбагацілі слоўнікавы запас, набылі карысныя навыкі зносін на роднай мове, пазнаёміліся з беларускай культурай і гісторыяй пры дапамозе разнастайных конкурсаў і гульняў. Акрамя таго 14 вучняў прынялі ўдзел у конкурсе “Буслік-2020”. Удзельнікі з хваляваннем чакаюць вынікаў і прызавых месцаў.
У Міжнародны дзень роднай мовы вучні школы прынялі актыўны ўдзел у абласным флаер-фэсце “У любімай мове, роднай, наскай, Ах, якія словы…”. Найбольш яркія і цікавыя флаеры былі размешчаны на сайце школы. Яшчэ адной важнай падзеяй гэтага дня стаў абласны дыктант “Праўда-памяць”, які пазнаёміў удзельнікаў з гісторыяй стварэння Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Свае навыкі пісьма маглі праверыць не толькі вучні школы, але і педагагічныя работнікі, і нават бацькі навучэнцаў.
Не забылі арганізатары Дэкады і пра Дзень абародцы Айчыны. 23 лютага вучні 5-9 класаў прызентавалі праекты “Мой тата – самы лепшы!”, у якіх выказалі любоў і павагу да сваіх бацькоў, а таксама мелі магчымасць павіншаваць іх са святам.
Праведзеная Дэкада атрымалася яркай і запамінальнай. Хочацца верыць, што кожны святочны дзень пакінуў свой след у сэрцах навучэнцаў. Яны яшчэ раз упэўніліся у тым, што трэба любіць і шанаваць сваю родную мову.
Рукан Алена Аляксандраўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры