Дарагiя Браты i Сёстры!
Свята Божага Нараджэння – гэта асаблівы час, калі мы прыгадваем, што зямля не проста прымае Божага Пасланніка, але становіцца Яго жыллём ужо назаўсёды.
Падзяляючы з вамі святочную радасць і дзелячыся аплаткам разам з вамі, хачу скласці ўсім вам, дарагія прыхаджане, найлепшыя пажаданні. Няхай Хрыстус, які вырашыў прыйсці да чалавека, адорыць вас сваім спакоем, благаслаўленнем і патрэбнымі ласкамі, а святло, якое зыходзіць з гэтай падзеі, няхай асвятляе ўсе цяжкасці і будзе правадніком у штодзённым жыцці да сапраўднага шчасця.
Жадаю, каб мы сапраўды паверылі, што і сёння Бэтлеемская зорка свеціць над кожным з нас, як над той адзінай стайняй, у якой так моцна жадаў нарадзіцца Божы Сын.
Шчаслівага Божага Нараджэння!
Са святам!
Пробашч прафіі св. Андрэя а. Віталій Юркевіч.
Нараджэнне Хрыстова з’яўляецца адным з самых светлых і прыгожых свят. Яно пранізана атмасферай усеагульнай згоды і любові. Аб тым, як варта правесці святочныя дні, наша размова з пробашчам парафіі св. Андрэя айцом Віталіем Юркевічам.
– Хрысціяне ўсяго свету рыхтуюцца да Каляд. Айцец Віталій, давайце ўспомнім традыцыі, якія звязаны з вялікім святам.
– Традыцыя святкавання ўрачыстасці Божага Нараджэння мае глыбокія гістарычныя карані. Гэта час, калі Бог прыходзіць да кожнага чалавека.
Свята мае сямейны характар: наш погляд, у першую чаргу, у гэтыя дні накіраваны на святую сям’ю. Каб свята атрымалася, каб належным чынам яго перажыць, то найлепш адзначыць яго ў сям’і: у адзіноце цяжка адчуць свята.
Калядныя традыцыі маюць глыбокую сімволіку. На стол падчас вігілійнага вечара ставяцца 12 розных посных страў, як сімвал 12 апосталаў. Кожную страву трэба паспрабаваць. Адно пустое месца за сталом па традыцыі пакідаецца для нечаканага госця.
На стале знаходзіцца Біблія, вігілійны аплатак, кладзецца крыху сена, як напамін пра Нараджэнне Хрыстуса, які з’явіўся на свет у яслях.
На святочны стол трэба паставіць свечку, якую павінен запаліць гаспадар дому. Вечар распачынаецца з малітвы, гаспадар чытае ўрывак з Евангелля паводле Святога Лукі (другі раздзел, 1-20 глава). Усе ўважліва слухаюць тэкст аб нараджэнні Езуса Хрыстуса. Далей настае момант дзялення аплаткам. Члены сям’і адломваюць кавалак аплатку, падыходзяць адзін да аднаго, гавораць найлепшыя пажаданні, просяць прабачэння за крыўды. Аплатак – невялікі тонкі хлеб, які сімвалізуе адзінства: кожны артымлівае кавалак ад аднаго цэлага хлеба. Так і павінна існаваць сям’я: у еднасці, згодзе і любові. Вельмі прыгожая традыцыя – спяваць калядныя песні.
У вігілійны вечар сям’я разам сядае за стол, разам ідзе ў касцёл на святую імшу. У нашым касцёле вігілійная імша адбудзецца 24 снежня ў 21.00.
У касцёл Святога Андрэя дастаўлены Віфліемскі агонь. Васямнаццаты год запар агонь, які ўвесь час гарыць у Віфліеме, месцы, дзе нарадзіўся Езус Хрыстус, распаўсюджваецца па беларускіх касцёлах і царквах. Гэта агонь са святой зямлі, дзе прысутнічаюць тры рэлігіі, агонь Божы, агонь міру, еднасці. Агонь – сімвал прысутнасці Бога, адзінства з Віфліемам, з месцам нараджэння Хрыста.
У перадсвяточныя дні бяром агонь у касцёле, нясём яго ў свае дамы, каб ён саграваў нашы душы, нясём яго да людзей хворых, самотных, каб усе адчулі свята Божага Нараджэння.
– А якой гадзіне ў святочны дзень будзе пачынацца служба ў касцёле?
– 25 снежня ранішняя святая імша пачнецца ў 11 гадзін, вячэрняя – у 18.00.
Хацелася б адзначыць, што дзверы касцёла адкрыты кожны дзень. На святую імшу ў будныя дні можна прыходзіць у 8 гадзін раніцы, увечары правіцца ў 18.00. У нядзелю і на ўрачыстасці святая імша пачынаецца ў 11.00 і 18.00.
– Асабліва чакаюць Каляд дзеці…
– Так. Традыцыйна яны атрымліваюць на свята Божага Нараджэння падарункі.
Да нас у касцёл 6 снежня прыходзіў Святы Мікалай з гасцінцамі, іх атрымалі 90 маленькіх прыхаджан. Яны ўжо добра ведаюць, чым адрозніваецца Святы Мікалай ад Дзядулі Мароза ці Санта Клауса. Св. Мікалай на пачатку хрысціянства быў біскупам, меў вялікую любоў да людзей, быў заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу.
Касцёл каталіцкі і наша парафія, у прыватнасці, вялікую ўвагу звяртае на сем’і, вельмі важна, каб яны былі моцныя, каб жылі з Богам у сэрцы. Сучасныя дзеці большую частку вольнага часу праводзяць у тэлефонах, іншых гаджэтах. Ім цяжка мець зносіны з аднагодкамі.
Мы імкнёмся выхоўваць хлопчыкаў і дзяўчынак так, каб яны былі адкрытыя сваёй сям’і, равеснікам, касцёлу. Кожную суботу праводзяцца заняткі па асновам рэлігіі, катэхізісу: дзеці рыхтуюцца да прыняцця святой камуніі. Пры касцёле дзейнічае хор. Нашы маленькія прыхаджане займаюцца ў тэатральным гуртку, рыхтуюць сцэнкі. 25 снежня юныя акцёры прадэманструюць свой талент, падчас святой імшы мы ўбачым міні-спектакль паводле біблейскага сюжэта.
Летам касцёл арганізуе лагер адпачынку для дзяцей. У гэтым годзе яго наведвалі каля 100 юных слонімцаў, як каталіцкага, так і праваслаўнага веравызнання. Летам шмат часу яны праводзяць на спартыўнай пляцоўцы, гуляюць у футбол, валейбол, баскетбол, скачуць на батутах. А галоўнае, размаўляюць, сябруюць – яны разам.
Віншую ўсіх са святам Божага Нараджэння і жадаю, каб у гэтыя дні мы ўсе адчулі крыху Божага цяпла.
Вольга КУР’ЯН.