21 снежня для вучняў і настаўнікаў Сялявіцкай базавай школы была наладжана сустрэча з прадстаўнікамі Рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “Беларускае казацтва”, якія завіталі з горада Мінска. Гасцей чакалі з нецярпеннем, а сустракалі з непрыхаваным захапленнем, і не дзіўна.
Прадстаўнікі беларускага казацтва неаднаразова бывалі на нашай Слонімшчыне. У кастрычніку 2020 года ў вёсцы Вялікая Кракотка каля помніка загінуўшым воінам імі сумесна з вучнямі і настаўнікамі нашай установы была закладзена алея казацкай славы як напамін аб іх продках-казаках, якія дзеля Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі аддалі сваё жыццё. У маі 2021 і 2022 гадоў прадстаўнікі беларускага казацтва былі запрошаны на ўрачысты мітынг, прысвечаны Дню Перамогі.
Як і заўсёды, казакі прыйшлі на сустрэчу ў прыгожай форме, з яе непрыменным атрыбутам – казацкай шашкай. Сустрэча доўжылася на працягу паўтары гадзіны. У ходзе гутаркі старшы ўраднік Георгій Крыўцоў займальна і жыва паведаміў пра вытокі гісторыі беларускага казацтва, акцэнтуючы ўвагу прысутных на ролі казацтва ў гады Першай Сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. З вялікай увагай выхаванцы і настаўнікі слухалі, як выхоўваюцца на праваслаўных традыцыях казакі і як асвойваюць воінскія навыкі. Цікава было пачуць прысутным і пра дзесяць запаведзяў казака.
Вялікую цікавасць выклікала ва ўсіх прысутных дэманстрацыя зброі, якой валодаюць казакі. Цікава было даведацца і пра тое, чым шашка адрозніваецца ад нагайкі. Госці на асабістым прыкладзе прадэманстравалі ўменне абыходзіцца з шашкай. Вучням дазволілі не толькі дакрануцца да шашкі, але і патрымаць яе ў сваіх руках. Вельмі цікавым быў аповед пра адзенне і галаўныя ўборы казакоў. Але галоўным урокам для вучняў, несумненна, паслужыла самаадданае служэнне казакоў праваслаўнай веры і абароне сваёй Радзімы.
Ад вахмістра Валерыя Лысенкова было цікава даведацца, што казакі ў вольны час любяць спяваць. Цудоўным падарункам для прысутных было артыстычнае выканананне ім казацкай песні “Не для меня придет весна…” пад меладычны акампанемент гітары. Харунжый Ірына Захарэнка правяла з вучнямі некалькі цікавых гульняў на развіццё логікі і памяці, чым выклікала да сябе непрыхаваную цікавасць.
Напрыканцы сустрэчы беларускія казакі падарылі музею нашай установы адукацыі вельмі цікавую кнігу “Камандзір”, прысвечаную невядомым старонкам партызанскага руху на Беларусі. Як напамін аб сустрэчы экскурсаводы нашага музея, у сваю чаргу, правялі цікавую экскурсію для гасцей.
Сустрэча з казакамі надоўга запомніцца вучням і настаўнікам нашай установы адукацыі. Хочацца выказаць словы падзякі нашым гасцям за ўражанні, дадатныя эмоцыі і іх асабісты ўклад у шанаванне старэйшых, выхаванне павагі да людзей, незалежна ад іх нацыянальнасці і веры, за захаванне гісторыі сваёй Бацькаўшчыны.
Крачко А.В., кіраўнік музея “Таямніцы мінулага” Сялявіцкай базавай школы