У рамках дэкады беларускай мовы і літаратуры ў Жыровіцкай сярэдняй школе прайшла літаратурна-музычная імпрэза, на якую быў запрошаны паэт Зніч.

У самым пачатку мерапрыемства дзеці са здзіўленнем глядзелі на манаха Іаана і ўсведамлялі, што чалавек, з якім яны неаднойчы бачыліся на вуліцах аграгарадка, і ёсць паэт з загадавым псеўданімам Зніч.

Незвычайны чалавек з незвычайным лёсам, сын вядомага беларускага сульптара Андрэя Бембеля. Скончыў Мінскую кансерваторыю, працаваў у Акадэміі навук БССР, у Нацыянальным навукова-даследчым цэнтры імя Скарыны, член Саюзу пісьменнікаў Беларусі. З 1996 года ў послуху ў праваслаўным манастыры ў Жыровічах.

Вершы Зніча – узор паэзіі духоўнай, выключна беларускамоўныя.

Дзеці ў захапленні слухалі і зварот да “Маленькага беларуса” і зварот да “Маленькай беларусачкі”. Дарослых не пакінуў раўнадушнымі верш “Святы покрыў над Беларуссю”.

Дзеці актыўна распытвалі паэта пра жыцце і творчасць, прыслухоўваліся да парад і наказаў, з удзячнасцю чыталі ягоныя вершы.

Расчулены быў Зніч павышанай увагай да сябе, не раз на твары выступалі слёзы. Для кожнай дзяўчынкі, што спявалі на імпрэзе, ён знайшоў свае словы, у кожнай пацікавіўся імем і пажадаў добрай долі.

У падарунак школе паэт пакінуў некалькі сваіх зборнікаў, зборнікаў з творамі духоўнай літаратуры, некалькі нумароў газеты “Жыровіцкая абіцель”.

Напрыканцы вечарыны Зніч адзячыў слухачоў тым, што сеўшы за фортапіяна, сыграў “Прэлюдзію” Бетховена. А атрымаўшы ў падарунак запісную кніжку з ручкаю, выказаў надзею на сустрэчу з вучнямі, паабяцаўшы спісаць падарунак вершамі.

Адамчык Наталля Аляксандраўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Поделиться
Перейти к содержимому