Абласны семінар для спецыялістаў аддзелаў адукацыі і метадыстаў вучэбна-метадычных кабінетаў, якія курыруюць выкладанне беларускай мовы і літаратуры, адбыўся 27 лістапада на базе СШ № 8.

З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў семінара звярнулася метадыст упраўлення метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ДУА “Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі” Святлана Уладзіміраўна Гузава. Яна вызначыла парадак работы і праблемнае поле семінара.

Затым гасцей з творчым прывітаннем “Адкрывае дзверы родны Слонім” сустрэлі вучні і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 3.

Выконваючая абавязкі загадчыка ДУ “Слонімскі раённы вучэбна-метадычны кабінет” Алена Аляксандраўна Шмігіра пазнаёміла калег з іншых раёнаў Гродзенскай вобласці з адукацыйнай прасторай Слонімшчыны.

Удзельнікам мерапрыемства быў прапанаваны відэаагляд на тэму нестандартных формаў і метадаў работы на ўроках беларускай літаратуры ў СШ № 5.

Цікавай формай работы на семінары стаў урок для дарослых, на якім было прадэманстравана выкарыстанне інтэрактыўных метадаў і прыёмаў пры разборы ідэйнага зместа балады Аркадзя Куляшова “Маці”.

Падчас дзеяння педагагічнай майстэрні разглядаліся сучасныя падыходы да арганізацыі ўрока беларускай мовы ў фармаце “Жывая бібліятэка”.

Удзельнікі мерапрыемства актыўна абменьваліся вопытам у суполках, аб’яднаных па тэмах: “Ад асацыятыўных картак на ўроках беларускай мовы да развіцця вобразнага мыслення і маўленчай культуры вучняў”, “Візуалізацыя як сродак павышэння якасці філалагічнай адукацыі вучняў” і “Фарміраванне вобразных уяўленняў вучняў на ўроках праз выкарыстанне прыёмаў мнематэхнікі”.

Не абышлося і без квэст-гульні “У пелагагічным лабірынце”, падчас якой было разгледжана пытанне фарміравання пазітыўнай матывацыі вучняў да свядомага выбару прафесіі педагагічнай накіраванасці праз гульнёвыя тэхналогіі.

Напрыканцы семінара метадыст Слонімскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Марына Іосіфаўна Робец выступіла перад калегамі з дакладам аб эфектыўных формах і метадах работы па папулярызацыі беларускай мовы і пашырэнні сферы яе выкарыстання ва ўстановах адукацыі Слонімскага раёна.

Алена ЛЫНЬКО.

Поделиться
Перейти к содержимому