У в. Лаўрышава Навагрудскага раёна у другой палове жніўня прайшоў чарговы этап археалагічных раскопак па даследаванню гісторыі Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра. На раскопках працавала група валанцёраў са Слонімскага раёна.
Даследаванні ў Лаўрышаве праводзяцца Інстытутам гісторыі НАН Беларусі пры падтрымцы з боку Лаўрышаўскага манастыра. Сёлета былі працягнуты раскопкі фундамента Крыжаўздвіжанскай капліцы. Вынікі раскопак паказваюць, што яна была пабудавана не пазней XVII стагоддзя.
На археалагічным раскопе працавалі 7 валанцёраў. Амаль усе яны не раз удзельнічалі ў раскопках у Лаўрышаве і іншых месцах Гродзеншчыны. Кіравала групай І. Я. Радзецкая, настаўніца гісторыі вышэйшай катэгорыі СШ-2 г. Слоніма. З найбольш складанымі даручэннямі добра спраўляліся Уладзіслаў Барысевіч, Іван Малец і Дзмітрый Шкраба (навучэнцы 4 курса аддзялення тэхнічнага забяспячэння працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа), а таксама Дар’я Быстрыцкая (студэнтка 2 курса факультэта міжкультурных камунікацый Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, выпускніца СШ-3 г. Слоніма). Ім старанна дапамагалі 11-класніцы Ангеліна Шастак (гімназія № 1) і Ніна Магілевіч (СШ-9).
Лаўрышаўскі манастыр быў заснаваны каля 1258 года Войшалкам Міндоўгавічам (вялікі князь ВКЛ у 1263 – 1267 гг.) і прападобным ігуменам Елісеем Лаўрышаўскім. Манастыр дзейнічаў да 1836 г., узноўлены ў 2007. Гэта самы ранні па часе заснавання дзеючы мужчынскі манастыр у Беларусі. Сёлета слонімскія валанцёры сваёй працай зрабілі новы ўклад у даследаванне яго гісторыі.
Т. В. Маслюкоў, археолаг, магістр гістарычных навук
На здымку: расчыстка валуннага фундамента у час раскопак.