Безумоўна, пісьменнік заўсёды будзе належаць сваёй малой бацькаўшчыне, мясцінам, дзе нарадзіўся, і зусім не таму, што са звестак аб месцы нараджэння пачынаюцца ўсе аўтабіяграфіі і артыкулы ў даведніцкай літаратуры, а ад нейкай адметнай духоўнай асаблівасці, якой ён будзе надзелены ў сваім творчым быцці, якая будзе прысутнічаць, жывіць і доўжыцца ва ўсім, што будзе здзяйсняцца. Так, малая радзіма – першакаштоўная і адзіная. І тым не менш істотнае значэнне ў лёсе чалавека маюць і другія мясціны, стасункі, справы, сустрэчы – усё тое, з чаго складаецца жыццёвы шлях, асабліва шлях творцы. Адной з такіх мясцін у біяграфіі Уладзіміра Бутрамеева, вядомага сучаснага празаіка, драматурга, перакладчыка, літаратуразнаўцы, і стала Слонімшчына, а дакладней, пасёлак Альбярцін. Ён прыехаў сюды з сям‘ёй у 1980 годзе, пабудаваў дом і пражыў тут амаль дзевяць гадоў.
Сёлета Уладзімір Бутрамееў адзначыў свой юбілей – 65-годдзе. Нарадзіўся ён 20 сакавіка 1953 года ў вёсцы Расна, што на Магілёўшчыне, у сям‘і настаўнікаў. Як гэта часта было ў тыя часы, настаўніцкія дзеці ішлі па сцяжынцы бацькоў. І будучы пісьменнік скончыў у 1974 годзе геаграфічны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута, настаўнічаў на Магілёўшчыне. Пасля з жонкай вырашылі пераехаць на яе радзіму, на Слонімшчыну. Знайсці працу па спецыяльнасці было складана, і ён уладкоўваецца на Слонімскі папяровы завод. Пазней, калі стаў сябрам літаб‘яднання пры Слонімскай раённай газеце, пачаў друкавацца (у рэспубліканскім друку выступіў у 1982 годзе), перайшоў на працу ў вячэрнюю школу, а пасля ў Слонімскі тэатр. Апошняе паспрыяла звароту да драматургіі, а ў гэтым рэчышчы і звароту да набыцця неабходных ведаў. У 1986 годзе ён заканчвае Вышэйшыя двухгадовыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве і атрымлівае спецыяльнасць кінадраматурга. У гэтым жа годзе ў выдавецтве «Маладая гвардыя» выйшла яго першая кніга апавяданняў і аповесцей «Любіць і верыць», а на наступны, год як лепшая першая кніга, яна была адзначана прэміяй імя Максіма Горкага. Як згадваў сам Бутрамееў, рыхтуючы гэту кнігу, ён адчуў, што пачынае ўглядацца ў свае творы (асабліва гэта датычылася аповесці «Адзін год і ўсё жыццё»), не толькі як празаік, але і як драматург. Сапраўды, ідэйная канцэпцыя аповесці, пільная ўвага да асобы і па-філасофску асэнсаваныя і раскрытыя штодзённыя праявы жыцця давалі магчымасць напісання кінасцэнарыя і стварэння фільма. Што і было здзейснена. Бутрамееў у сааўтарстве з Я. Міцько піша сцэнарый. І ў 1987 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм» здымаецца фільм «Экзамен на дырэктара». Уваходзіны У. Бутрамеева ў драматургію сталі прыкметнай з‘явай, гэта адразу адзначылі знаўцы кіно і тэатра. Яркай творчай удачай аўтара (як і рэжысёра В. Раеўскага) стала п‘еса «Страсці па Аўдзею»(1989 г.) – народная драма, у якой раскрыта трагічная праўда часоў гвалтоўнай калектывізацыі. П‘еса не сыходзіла са сцэны тэатра імя Янкі Купалы на працягу многіх гадоў. На сённяшні час вывучэнне драмы «Страсці па Аўдзею» ўключана ў школьныя праграмы па беларускай літаратуры.
Калі паглядзець на даты, што пазначаюць час першых публікацый, якія адразу засведчылі адметны талент Бутрамеева і распачалі адлік творчага шляху пісьменніка, то яны прыпадаюць на гады жыцця ў Слоніме.
Аўтар гэтых радкоў сустрэла Уладзіміра Бутрамеева, яшчэ не ведаючы, хто ён. Ды і азначэнне пісьменнік да яго прозвішча тады яшчэ не далучалі.
Справа ў тым, што вуліца альбярцінскай ускраіны, – гэта вуліца, дзе прайшлі мае школьныя гады, дзе жыла мая маці. Дзіўнаю воляй выпадковасці сям‘я Бутрамеевых пасялілася якраз там. Калі я прыязджала да маці, то не раз сустракала па дарозе маладога мужчыну, які ішоў заўсёды паглыблены ў свае думкі, засяроджаны, сканцэнтраваны на нечым сваім, важным. Неўзабаве – тады здавалася без усякай сувязі – пра пачынаючага празаіка cа Слоніма паведаміў Аляксей Нічыпаравіч Карпюк, які ў той час кіраваў Гродзенскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі. Мы прыехалі ў Гродна з паэтам Іванам Дарафеевічам Міско (Анатолем Іверсам), пачалі расказваць слонімскія навіны, а Аляксей Нічыпаравіч перапыніў нас і, хітравата ўсміхнуўшыся, запытаў, ці ведаем мы што-небудзь пра Валодзю Бутрамеева. Атрымаўшы адмоўны адказ, сам пачаў расказваць нам пра маладога празаіка, вельмі таленавітага, на яго думку. Наказаў запрасіць Бутрамеева на пасяджэнне літаб‘яднання і наступны раз у Гродна прыехаць разам з ім. Івану Дарафеевічу ўручыў паперку з адрасам, сказаўшы: «Трэба дапамагчы хлопцу». І неўзабаве на чарговым пасяджэнні літаб‘яднання я са здзіўленнем убачыла мужчыну, якога сустракала на мамінай вуліцы. Тады і адбылося наша знаёмства. А паколькі я нярэдка прыязджала да маці і летні адпачынак амаль увесь праводзіла ў яе, то бачыліся мы даволі часта. Мяне ўражвала яго мэтанакіраванасць, эрудыцыя, працаздольнасць. Чытаў і пісаў ён многа, а таму ў мезаніне, які служыў кабінетам, быў і стол, і канторка. Яна стаяла ля вакна, і, адрываючы позірк ад рукапісу, можна было глядзець на лясны далягляд і нябесны прастор, дзе нічога не замінала свабоднай плыні думак. Валодзя быў немітуслівы, надзвычай арганізаваны, так многа паспяваў, што Ігар Васільевіч Жук, тады яшчэ малады крытык і выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, з якім у Бутрамеева таксама наладзіліся сяброўскія адносіны, жартаваў: «У Валодзевых сутках гадзіны даўжэйшыя, чым у нашых».
Як усе сапраўды таленавітыя творцы, ён з удзячнасцю прымаў слушныя заўвагі і парады, але цвёрда адстойваў тое, у чым быў перакананы. Бутрамееву імпанавалі прынцыповасць і прафесіяналізм Ігара Васільевіча, а крытык адразу адчуў майстэрства маладога празаіка. Помніцца, як зацікаўлена і ўдумліва разглядаў Ігар Васільевіч апавяданне «Жаваранак», якое было надрукавана 7 красавіка 1984 года ў «Гродзенскай праўдзе». Бутрамееў не прамінаў магчымасці сустрэцца з крытыкам, амаль равеснікам, калі Карпюк запрашаў нас у Гродна. І на першую кнігу «Любіць і верыць» (1986), Ігар Васільевіч адгукнуўся грунтоўнай рэцэнзіяй. Яна была надрукавана ў «Гродзенскай праўдзе» за 5 чэрвеня 1987 года пад загалоўкам «Застаецца галоўнае». «Аб кнізе можна сказаць так, – зазначаў крытык, – сустрэўся з разумным суразмоўцам, які многа ведае, і ад гэтага – нешматслоўны, нават скупы на словы, але ёсць у гэтай скупаватай нешматслоўнасці свая элегантнасць, вытанчанасць. Я б назваў – вытанчанасць прастаты».
Перад напісаннем рэцэнзіі, калі мы, прачытаўшы кнігу, проста гаварылі пра яе, Ігар Васільевіч спытаўся, што мяне найбольш уразіла. Я назвала аповесць «Дзённік старога настаўніка» і апавяданне «Дарога». Прызнацца ў дачыненні да апошняга, мне проста было адказаць на пытанне, бо якраз пра гэта апавяданне мы гаварылі з Бутрамеевым, калі ён даў мне пачытаць частку рукапісу (толькі апавяданні) з будучага зборніка. А Ігар Васільевіч з захапленнем гаварыў пра тое, як спрадвечныя матывы шляху, міласэрнасці і чэрствасці, непрадказальнае і невытлумачальнае часам перараджэнне душы на някідкім сюжэце разгарнуліся нечакана і глыбока. Немудрагелістая гісторыя, але (па вызначэнні І. Жука) «трымае, не адпускае» глыбокай псіхалагічнай і філасофскай напоўненасцю. Ужо тады адметнае майстэрства маладога празаіка выявілася ў спалучэнні мудрай нешматслоўнасці і сэнсава ёмістых мастацкіх дэталяў, сцішана пранікнёнай эмацыйнай узрушанасці. Пазней, калі мы, ужо працуючы разам на кафедры, згадвалі гэту рэцэнзію, Ігар Васільевіч сказаў, што якраз пра такія апавяданні і кажуць, што яны вартыя цэлага рамана.
У згаданым зборніку «Любіць і верыць» і ў наступным – «Здзвіжанне»(1990) – лёгка пазнаюцца слонімскія мясціны: палац графа Пуслоўскага, папяровая фабрыка, утульныя альбярцінскія вулачкі і дворыкі, лясная Белая крыніца з гаючай вадой, а таксама здарэнні і паданні, якія пераказваліся тут здавён, немудрагелістыя ці прытчава заглыбленыя, з іх адкрытым ці прыхаваным роздумам над сапраўднымі каштоўнасцямі, прызначэннем чалавека і духоўнай сутнасцю яго нават паўсядзённых спраў.
Помніцца, як мы сядзелі ва ўтульным маміным дворыку, гаварылі аб падзеях і здарэннях рознага зместу і сэнсу, рэальных і невытлумачальных, нават містычных праявах у жыцці чалавека. Мама расказала, што яе бабуля ўмела лячыць травамі і загаворамі. Прыгадала, як аднойчы з суседняй вёскі прыбегла да бабулі жанчына і прасіла ўратаваць яе карову, што вярнулася з выгану, упала і не ўстае. Бабуля параспытвала прасіцельку, паглядзела на сонца, якое ўжо схілілася да грэбеня лесу, і сказала, што ўратаваць не зможа, бо дапамагчы магла б толькі да захаду сонца. Жанчына залілася слязамі. Тады бабуля моўчкі выйшла за вароты, агледзелася і прамовіла да гаспадыні каровы: «Тваё шчасце. Вецер у бок вашай вёскі. Можа і дапамагу. Ідзі за мной далёка ззаду і моўчкі». І сама пайшла па дарозе, шэпчучы нейкія словы. Пакуль дайшла – сонца села, але карова ўжо ўстала і піла з карытца ваду. Гэта гісторыя ды яшчэ апісанне звычаю вывозіць такіх чарадзеек з вёскі на выселкі стала асновай аднаго з апавяданняў Бутрамеева.
Увогуле ў яго быў нейкі самабытны дар апавядальніка, уменне слухаць, назіраць і ўсё гэта было крыніцай яго творчага духоўнага сілкавання. У доме з мезанінам была напісана драма «Страсці па Аўдзею», і шэраг цудоўных казак, якія ўвайшлі ў зборнік «Птушка шчасця» (1991).
У 1989 годзе Уладзімір Бутрамееў быў залічаны на Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Мы ўжо ведалі, што ён з‘язджае туды не толькі на вучобу, але і на сталае жыццё. І Ігар Васільевіч, прыгадаўшы нашу размову пра першую кнігу пісьменніка, пра вобраз дорогі, сказаў, што так і прадбачылася, што гэту частку сваёй дарогі Бутрамееў прайшоў, што ў яго мудрае разуменне самаго жыцця і мудрыя адносіны да жыцця, і яшчэ ён умее быць сярод людзей, умее бачыць мэты і дасягаць іх. А дасягаць іх найлепш там, дзе канцэнтруецца вялікае літаратурнае жыццё. І гэта – правіла. Хаця, як кожнае правіла, не без выключэнняў.
Ужо тады, калі аўтару было трыццаць пяць, а членства ў Саюзе пісьменнікаў складала два гады, можна было гаварыць, што апошні абзац прыведзенай намі рэцэнзіі аказаўся прарочым. Ігар Васільевіч напісаў: «І застаецца ўпэўненасць у галоўным – у незаўрадным, своеадметным таленце, якому па сілах многае». А сёння ўжо маскоўскія крытыкі (Л. Анінскі, Ю. Баранаў і інш.) у сваіх рэцэнзіях на раман Уладзіміра Бутрамеева «Зямля і людзі» параўноўваюць пісьменніка з А. Платонавым, М. Шолахавым, М. Булгакавым.
Сёння ж палявая дарожка на ўскраіне Альбярціна, па якой хадзіў Валодзя Бутрамееў, ужо абсталяваная вуліца, сядзібы з маладымі садкамі дацягнуліся да самага ўзлеску. Дрэўцам, пасаджаныям руплівым гаспадаром, час адлічвае ўжо чацвёрты дзясятак. Яны прыхавалі за сабою дом з мезанінам, сведку задум і натхнёнай літаратурнай працы свайго першага гаспадара.
Алена РУЦКАЯ