У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася творчая сустрэча ў рамках цыкла “Літаратурны Алімп Беларусі” з паэтам, дэпутатам, старшыней Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянцінам Семянякам.

Ён нарадзiўся ў Пружанскiм раёне, але праз год сям’я пераехала ў вёску Цяглевiчы на Зэльвеншчыне. Тут прайшло яго дзяцiнства i юнацтва. Скончыў школу, фiзiчны факультэт Гродзенскага дзяржунiверсiтэта iмя Я. Купалы, Акадэмiю кiравання пры Прэзiдэнце. Працаваў настаўнiкам фiзiкi, дырэктарам школы, узначальваў аддзел адукацыi, быў намеснiкам старшынi Зэльвенскага райвыканкама. Абраны старшынёй раённага Савета дэпутатаў, а затым i дэпутатам Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу.

Валянцін Семяняка – вядомы паэт, перакладчык, педагог, узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Аўтар кнігі паэзіі “Зорка залатая”.

Падчас мерапрыемства Валянцін Міхайлавіч расказваў пра сябе, пра сваю творчую дзейнасць, пра гісторыю стварэння твораў і пра лірычных герояў. Адзначыў, што радкі да яго часам прыходзяць ноччу: калі не паспець запісаць, яны страчаны назаўсёды.

На працягу імпрэзы гучалі вершы і нават запісы песень на словы паэта — “На тых сцяжынках”, Князеўна Зельва”.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Слонімскага і Зэльвенскага раёнаў.

Слонімская паэтка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Іріна Антонаўна Войтка прысвяціла Валянціну Міхайлавічу верш “Пішы, паэт, пра родны край”, які напісала напярэдадні сустрэчы, а дырэктар ГУК «Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа» Тамара Батыраўна Гайдук падрыхтавала эсэ аб творчасці паэта.

Час сустрэчы праляцеў незаўважна, а добры настрой застанецца надоўга.

Варта адзначыць, што для слонімцаў і зэльвенцаў была арганізавана экскурсія па Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, падчас якой яны наведалі чытальныя залы, азнаёміліся са структурай бібліятэкі і даведаліся, які аб’ём інфармацыі змяшчаецца ў ёй.

Таццяна ДЗЕНІСЮК

 

 

Поделиться
Перейти к содержимому