У горадзе Гродна адбылося рэгіянальнае свята-кірмаш вырабаў рамеснікаў “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня”.

У ім актыўны ўдзел прымалі супрацоўнікі Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў, а таксама народнае аматарскае аб’яднанне “Чараўніцы-каравайніцы” філіяла “Навасёлкаўскі цэнтр культуры”.
Варта адзначыць, што ў мерапрыемстве прынялі ўдзел 16 раёнаў вобласці, якія  прадставілі ўзоры сваіх рэгіянальных традыцыйных строяў.

Народнае аматарскае аб’яднанне “Чараўніцы-каравайніцы” прадставіла ва ўсёй красе гасцям свята нематэрыяльную культурную спадчыну Слонімскага раёна “Традыцыя выпечкі караваеў на Слонімшчыне. Каляндарна-абрадавая выпечка”, дзе пазнаёмілі і распавялі пра традыцыйныя абрады выпечкі вясельнага, траецкага, гасцявога і велікоднага караваеў. Гасцям было прапанавана паўдзельнічаць у майстар-класах па вырабе шышак для каравая і паспрабаваць гэты ўнікальны прадукт.

На рэгіянальным свяце-кірмашы вырабаў рамеснікаў «Гродзенскія традыцыі ды свята Вялікадня» былі падведзены вынікі абласной выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Велікодны падарунак». Слонімскія майстры таксама ўдзельнічалі ў гэтым творчым спаборніцтве, дзе прадставілі вырабы ручной працы адпаведныя велікоднай тэматыцы, якія былі адзначаны дыпломамі: пано, якое выканана ў тэхніцы аплікацыі саломкай (Анастасія Зелянко), вышыўка крыжам (Алена Міхед), пано ў тэхніцы батык (Ларыса Альховік).
Памятным падарункам і Дыпломам у намінацыі “За глыбіню вобразнага раскрыцця тэмы” была ўзнагароджана Анастасія Зелянко.


Таццяна Дзенісюк

Поделиться
Перейти к содержимому