(да 108-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая)

 

Валянцін Таўлай – адметная і непаўторная постаць у беларускай літаратуры. Нарадзіўся ён 8 лютага 1914 годзе ў Баранавічах у сям’і чыгуначніка. Аб тым, што ён з’явіўся ў гэты свет не ў лепшы час, гаворыць ужо і сама дата нараджэння: 1914 год. Гэта пачатак першай сусветнай вайны. Тысячы сем’яў сталі бежанцамі. Вярнуўшыся яны засталі толькі разбураныя сядзібы. Не абмінуў лёс і сям’ю Таўлаеў. У 1920 годзе ў Зэльве памірае ад халеры маці, пакінуўшы сіратамі двух сыноў: Валянціна і Шуру. Перачакаўшы зіму, пераязджаюць Таўлаі на радзіму бацькі, Паўла Дзям’янавіча ў вёску Рудаўку на Слонімшчыне.

Тут малых хлапчукоў выхоўвае бабуля – простая, непісьмовая, вясковая жанчына. Гэта дзякуючы яе працавітасці і цярпімасці выжылі яны ў той галодны час.

У 13-гадовым узросце В. Таўлай паступіў у Віленскую беларускую гімназію, дзе вызначыўся як здольны паэт і надзейны сябар. Разам са сваім земляком Анатолем Іверсам яны выдавалі вучнёўскі часопіс “Золак”. Там ён стаў камсамольцам. Вучоба ў Віленскай беларускай гімназіі стала значным перыядам жыцця паэта. Тут ён хутка знаходзіць сваіх аднадумцаў, адразу ж уліваецца ў бурлівае грамадскае жыццё моладзі: уступае ў падпольную камсамольскую арганізацыю, удзельнічае ў дэманстрацыях, распаўсюджвае лістоўкі, піша рэвалюцыйнага зместу вершы. Талент трынаццацігадовага паэта адклікаецца на ўсе гэтыя падзеі вершамі, змест якіх уражвае сваёй даросласцю.

Вярнуўшыся ў вёску Рудаўку, Валянцін працягвае падпольную работу, але у 1929 годзе яго арыштоўваюць. 10  месяцаў цягнулася следства па справе маладога Таўлая. Дзякуючы абароне адваката, выйшаў на волю. Каб не апынуцца за кратамі ізноў, у кастрычніку 1930 года ён нелегальна пераходзіць мяжу ў Савецкую Беларусь. Так пачынаецца новы, вельмі важны перыяд яго жыцця і творчасці.

Два гады прыбывання Валянціна Таўлая ў Мінску сталі для яго суцэльнай паласой маладога шчасця, кахання, кіпучай працы, вучобы. Семнаццацігадовы юнак быў прыняты на сталую работу ў рэдакцыю газеты “Звязда” – ды не проста пасыльным, а баявым газетчыкам, які пісаў артыкулы, аналізаваў замежную прэсу, чытаў лекцыі аб Заходняй Беларусі.  Асабліва шчаслівы Валянцін Таўлай быў ад магчымасці сустракацца з жывымі класікамі нашай літаратуры: Янкам Купалам, Якубам Коласам і інш. Прыносіла радасць і вучоба ў Белдзяржуніверсітэце. Вялікай падзеяй у жыцці стаў дзень прыняцця ў члены БелАПП – 10 мая 1931 года (Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў).

У снежні 1932 года Таўлая, ужо як члена Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, накіроўваюць на падпольную работу ў Варшаву. Асноўным плёнам яго працы ў тыя гады было выданне легальнай “Беларускай газеты” і згуртаванне вакол яе таленавітай моладзі. Па яго ініцыятыве адбыўся 1-шы з’езд пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Але зноў навісла пагроза арышту над Валянцінам Таўлаем. Кіраўніцтва падполля прымае рашэнне вярнуць яго ў Мінск. Але, пераходзячы мяжу, Таўлая зноў арыштоўваць.

3 гэтых першых дзён студзеня 1934 года пачынаецца шматгадовая паласа турэмных мук паэта. За кратамі нараджаліся і новыя вершы. Ва ўмовах, калі не было нават кавалка алоўка паэту даводзілася трымаць свае вершы ў памяці.

Дастойна прайшоў наш зямляк праз пекла акупацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Быў арганізатарам антыфашысцкага падполля на Навагрудчыне, па заданні партызан стварыў разведвальную групу, якая перадавала шмат каштоўных звестак камандаванню пра дзейнасць акупантаў. Выступаў з вершамі ў партызанскай прэсе. У верасні 1943 года яго арыштавалі ў Лідзе  разам з бацькам, сястрой і мачыхай, да якіх Валянцін зайшоў пераначаваць, вяртаючыся з Вільні. Таўлая вызвалілі з турмы віленскія сябры-паэты. А вось яго родныя былі адпраўлены ў Асвенцім, дзе і загінулі.

Шмат было мар і планаў у Валянціна Таўлая пасля вайны: аднаўленне гарадской друкарні ў Навагрудку, супрацоўніцтва ў арганізацыі музея народнага паэта Янкі Купалы, выхаванне маленькай дачкі Галінкі.

Але планы і задумы перакрэслівае хвароба. Турмы і галадоўкі падкасілі яго здароўе. Ён пакінуў гэты свет зусім маладым (33 гады). 27 красавіка 1947 года беларуская літаратура страціла таленавітага і арыгінальнага паэта, публіцыста, даследчыка літаратуры, крытыка, перакладчыка.

Імя беларускага паэта на Слонімшчыне не забыта і сёння. Амаль ва ўсіх слонімскіх пісьменнікаў ёсць творы, прысвечаныя земляку. Мікола Арочка ў 1969 годзе напісаў і выдаў асобнай кнігай крытыка-літаратурны нарыс “Валянцін Таўлай”. Скульптары Іван Міско і Леанід Богдан зрабілі бюсты Таўлая. У Слоніме, у вёсках Жыровічы і Ганькі ёсць вуліцы, якія носяць імя слыннага земляка.

Ушанавана памяць аб гэтым легендарным чалавеку і ў музеі беларускай кнігі Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа. Тут аформлена пастаянна дзеючая экспазіцыя, на якой прадстаўлены зборнікі вершаў паэта, літаратурная крытыка яго творчасці, матэрыялы з перыёдыкі і фотаздымкі з сямейнага архіва В. Таўлая.

Такая работа садзейнічае выхаванню патрыятызма ў падрастаючага пакалення Слонімшчыны, знаёміць моладзь  з таленавітымі людзьмі раёна, прывівае любоў да малой радзімы.

 

 

Рукапісы Валянціна Таўлая

 

 

 

 

 

Васілеўская Юлія, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа”

Поделиться
Перейти к содержимому