Рэспубліканскі алімпійскі ўрок па тэме “Алімпійскі шлях з Токіа 2020 у Пекін 2022” меў на мэце пашырэнне і паглыбленне ведаў вучняў аб Гульнях ХХХII Алімпіяды ў Токіа 2020 і ХХIV Алімпійскіх зімніх гульняў у Пекіне 2022. Аднак навучэнцы 5 класа Новадзявяткавіцкай СШ не абмежаваліся толькі гэтай ідэяй. У падарожжа па маршруце з Токіа ў Пекін яны адправіліся, здавалася б на першы погляд, ужо з даволі знаёмым чалавекам, аднак, як аказалася, і цікавым “гідам”: двухразовым чэмпіёнам РБ па баскетболе 3 на 3, трэнерам пераможцаў спартакіяды Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, першым трэнерам іграка БК “Цмокі-Мінск” – Блізнюком Д.А.
Падчас урока былі наладжаны сапраўдныя спаборніцтвы. Так, ужо з першых хвілін вучні “заваёўвалі” фішкі-алімпіёнікі за правільныя адказы на пытанні. У ходзе мерапрыемства ўдзельнікі пракладвалі маршрут для спартсменаў да іх спартыўных снарадаў, выконвалі заданне на суаднесенасць паміж атрыбутамі Алімпіяды і іх выявамі, складалі алімпійскі дэвіз, змагаліся за першынства ў бліц-апытаннях. Вялікую актыўнасць у дзяцей выклікала рашэнне рэбусаў, у якіх былі зашыфраваны новыя алімпійскія віды: скейтбордзінг, сёрфінг, скалалазанне. Варта адзначыць, што пераможцы атрымалі права на сертыфікат на 10 балаў па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”.
Цікавым фактам для вучняў стала тое, што для вырабу алімпійскіх медалёў у Японіі было сабрана 79 тон старых смартфонаў. Ёсць што пераняць у іншых, аднак варта ганарыцца сваім, а дакладней, сваімі – пераможцамі алімпіяд у Токіа і Пекіне, партрэты беларускіх алімпійцаў вучні ўрачыста мацавалі на “Дошку гонару”. Рабяты ўзгадалі і сваіх знакамітых землякоў-спартсменаў. І хаця пакуль сярод іх няма алімпійскіх чэмпіёнаў, хочацца верыць, што пасля такіх урокаў і сустрэч абавязкова знойдуцца дзеці, мэтай якіх стане алімпійскі п’едэстал.
Вольга Блізнюк, педагог, які выконвае
функцыі класнага кіраўніка 5 класа
Новадзявяткавіцкай СШ