18 мая ў Слонімскай раённай бібліятэцэ імя Якуба Коласа адбылася літаратурная сустрэча, прысвечаная вялікаму рамантыку нашага краю Алегу Лойка. Нагадаем, што 1 мая адэпты творчасці пісьменніка адзначалі 90-годдзе са дня яго нараджэння, і, што вельмі радуе, тэматычныя мерапрыемствы з удзелам чытачоў працягваюцца.

 

Пагаварыць пра лірыка, яго асобу і літаратурную спадчыну, прыйшлі дзеці – вучні СШ № 2 – і дарослыя, сярод якіх былі настаўнікі – удзельнікі клуба “Натхненне”, знаёмыя і студэнты знакамітага слонімца, а таксама яго ўнучатая пляменніца – Ганна Шлемен.

Вечар суправаджаўся відэа- і фотаматэрыяламі, цікавымі біяграфічнымі звесткамі, дзе кожная прыступка жыцця Алега Лойкі “ажывала” ў яго вершах. Школьнікі слухалі аповеды супрацоўнікаў бібліятэкі пра дзяцінства паэта – сына фельчара-кнігалюба і хатняй гаспадыні, якая прыгожа спявала, іграла на балалайцы – пра вайну і вучэнне ў гэты цяжкі для ўсіх перыяд, пра вершаванкі і каханне, сустрэчу з Янкам Брылём, студэнцкія гады ў БДУ і першыя сур’ёзныя разважанні наконт жыцця, лёсу і часу, пра жаніцьбу, публікацыю ў “Маладосці”, аспірантуру і кар’ерныя вышыні. Госці сустрэчы шчыра дзяліліся з моладдзю сваімі ўспамінамі.

 

У чытальнай зале былі прадстаўлены таксама кнігі і рукапісы, якія належалі Алегу Лойка, з бібліятэчнага музею. Удзельнікі мерапрыемства знайшлі сярод экспанатаў і школьны дзённік паэта.

Алена Юшкевіч

Поделиться
Перейти к содержимому