Па-сапраўднаму святочна было ў аграгарадку Азярніца 19 жніўня, бо ў гэты дзень работнікі філіялаў “Драпаўскі цэнтр народнай культуры” і “Азярніцкая сельская бібліятэка” падрыхтавалі для сваіх аднавяскоўцаў свята “Прыйшоў Спас – усяму час”.

У дзень Праабражэння Гасподняга настаяцель храма свяціцеля Мікалая іерэй Леанід Сенчанка пажадаў усім жыць у згодзе і любові адзін да аднаго і, пасля сумеснай малітвы, асвяціў плады новага ўраджаю – духмяныя яблыкі, вінаград, грушы, слівы, якія ў гэты дзень людзі прыносяць Богу, дзякуючы за працу, якую ён дапамог завяршыць.

Яшчэ адной нагодай для радасці з’явіўся юбілей малой радзімы – любаму сэрцу куточку роднай зямлі, нашай Азярніцы, якая ў гэтым годзе адзначае свой 540-ы юбілей. Вядучыя свята расказалі прысутным аб гісторыі былога мястэчка, прысвяцілі добрыя словы жыхарам вёскі, а вучаніца Азярніцкай школы Дар’я Раманіна з натхненнем прачытала верш “Куточак зямлі беларускай”, які яны сумесна з Юліяй Самутай прысвяцілі сваёй роднай вёсачцы.

У канцэртнай праграме прагучалі песні ў выкананні самадзейных артыстаў А.В. Літвінавай, А.В. Ляпешка, Н.Л. Маразан, Арцёма Ролі, удзельнікаў аматарскага аб’яднання “Праменьчык” філіяла “Азярніцкая сельская бібліятэка” Вольгі Шаўчэнка, Вікторыі Шчэкачыхінай, Максіма Жука, Яўгена Пасюка, Аксаны Навікевіч, выступленне якіх выклікала самы шчыры водгук у сэрцах аднавяскоўцаў. Работнікі Драпаўскага ЦНК А.І. Дубовік і А.М. Канапацкая падрыхтавалі да свята выстаўку “Гісторыя Азярніцы ў людзях”. Углядаючыся ў старыя фотаздымкі, сталыя жыхары вёскі В.М. Цупрык, В.А. Галожына дзяліліся ўспамінамі аб падзеях мінулых гадоў і аб сваіх аднавяскоўцах, многія з якіх аставілі аб сабе добрую памяць.

Напрыканцы свята ўсе сабраліся для сумеснага фотаздымка, які ўжо праз некалькі гадоў таксама стане старонкай гісторыі нашай малой радзімы, нашай бацькаўшчыны, аб якой так многа яшчэ хочацца сказаць…

Н. МАРАЗАН, бібліятэкар філіяла “Азярніцкая сельская бібліятэка”

Поделиться
Перейти к содержимому