1 жніўня споўнілася 110 гадоў, як пачалася Першая сусветная вайна – адна з самых жорсткіх і кровапралітных, якая прынесла незлічоныя бедствы. Страты той вайны перавышаюць 20 мільёнаў чалавек.
Экспазіцыя Слонімскага раённага краязнаўчага музея імя І.І. Стаброўскага знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй Слонімшчыны ў перыяд акупацыі германскімі войскамі ў Першую сусветную вайну і прапануе для прагляду ўнікальныя экспанаты.
Заснавальнік музея Іосіф Стаброўскі быў удзельнікам Першай сусветнай вайны. Сустрэў яе на паўночна-ўсходнім фронце ў чыне падпалкоўніка, камандаваў 55-ым артылерыйскім дывізіёнам. Ён прайшоў гэту вайну з першага і да апошняга дня, удзельнічаў у баях каля возера Нарач і горада Баранавічы, адчуў на сабе дзеянне нямецкіх газавых атак, якія германцы пачалі выкарыстоўваць як зброю масавага паражэння з красавіка 1915 года.
У гады Першай сусветнай Іосіф Стаброўскі атрымаў званне палкоўніка і быў узнагароджаны двума ордэнамі Святога Роўнаапостальнага князя Уладзіміра IV і III ступені. Ён быў не толькі выдатным афіцэрам, але і чалавекам, блізка да сэрца прымаў нягоды і пакуты салдат і мірных жыхароў. Жахі вайны ён паказаў у фотаальбоме «Крывавым следам», які змяшчае больш за 300 фотаздымкаў-сведчанняў усяго ўбачанага і перажытага. Невялікая частка гэтых фотаздымкаў размешчана ў экспазіцыі музея. Тут можна ўбачыць фота салдат і афіцэраў у час адпачынку і падчас баёў, авіярамонтную майстэрню, газавую атаку, атручаных удушлівымі газамі людзей, убачыць як праводзілася ачыстка акопаў пасля газавай атакі. Асаблівую ўвагу прыцягвае фотаздымак “Маленькі бежанец”, на якім адлюстравыны невялікі хлопчык.
Вайна і акупацыя прынеслі Слонімшчыне разбурэнні і пажары. У сярэдзіне верасня 1915 года Слонім быў захоплены нямецкімі войскамі, але ўжо 18 ліпеня 1914 года Слонімшчына ўвайшла ў склад тэрыторый, якія знаходзіліся на ваенным становішчы. У жніўні пачала праводзіцца мабілізацыя насельніцтва. У горадзе быў устаноўлены рэжым ваеннага часу, які забараняў любыя сходы і выступленні. 26 жніўня 1915 г. фронт дайшоў да Слоніма, дзе разгарэлася жорсткая бітва, якая працягвалася 4 дні. Найбольш пацярпела правабярэжная частка Слоніма і цэнтр. Горад быў заняты немцамі 3 верасня, а акупацыя доўжылася амаль 40 месяцаў.
У экспазіцыі сярод фотаілюстрацый эпізодаў вайны змешчаны і здымак палаючага Слоніма. Горад на ім амаль не відзён, ён увесь ахоплены велізарнымі клубамі агню і дыму. Гарэў не толькі Слонім, гарэлі шматлікія вёскі. У дадатак да ўсяго была абвешчана прымусовая эвакуацыя насельніцтва ў Расію. Для большасці жыхароў Слонімшчыны месцамі пражывання эвакуіраваных былі выбраны вёска Гуляй-поле Екацярынаўскай губерніі, гарады Чугуеў і Славянск Харкаўскай губерніі. Слонімшчына напалову апусцела.
Сядзіба Пуслоўскага ў Альбярціне была занята пад рэзідэнцыю камандуючага Усходнім фронтам германскай арміі генерала фон Войерша. Тут жа, у Альбярціне, размясцілася 118-я сельскагаспадарчая калона Усходняга фронту. У экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі генерала германскай арміі і сядзібнага дома Пуслоўскага.
Вайна разбурыла вёскі, знішчыла гаспадарку. Частка абсталявання фабрык і заводаў была вывезена, астатняе, каб не засталося акупантам, знішчана адступаючай арміяй. Былі ўзарваны ўсе масты праз раку Шчару. У экспазіцыі размешчаны фотаздымак узарванага чыгуначнага моста.
Больш за 3 гады працягваўся на Слонімшчыне акупацыйны рэжым. Перад вайной насельніцтва горада налічвала 22 тысячы чалавек, а ў выніку эвакуацыі, голаду, эпідэмій і расстрэлаў, скарацілася да 9 тысяч. Слонім войскамі Чырвонай Арміі быў вызвалены толькі 14 студзеня 1919 года. У горад увайшла 17-ая стралковая дывізія.
Мінула стагоддзе, але час захаваў для нашчадкаў экспанаты таго перыяду: фотаздымкі людзей і разбурэнняў у горадзе Слоніме, дакументы, акупацыйныя пашпарты жыхароў горада і павета, акты пра ўрон, нанесены сялянам Слонімшчыны, і іншыя сведчанні перажытага ў гады Першай сусветнай вайны.
Алена Сухарукава, старшы навуковы супрацоўнік
Слонімскага краязнаўчага музея