Паводзіны падлеткаў – актуальны аспект выхавання ва ўсе часы. Гэта пытанне знаходзіцца пад пільнай увагай і ў педагогаў, і ў бацькоў навучэнцаў школы. Бацькоўскі ўніверсітэт “Прафілактыка рызыкоўных паводзін падлеткаў” сабраў удзельнікаў адукацыйнага працэсу з мэтай папярэдзіць непажаданыя сітуацыі, асабліва напярэдадні навагодніх святаў і зімовых канікулаў.
Прытча “Кінуты камень” спрыяла разуменню дарослых таго, што не варта чакаць “выбуху” эмоцый падлетка, а неабходна своечасова аказацца побач, умець заўважыць негатыўны настрой ці проста выслухаць дзіця. Разгляд складаных сітуацый дапамог бацькам выйсці з зоны камфорту і паспрабаваць знайсці рашэнне праблемы. Знаёмства са стылямі выхавання вымусіла дарослых задумацца над тым, што нават любоў да свайго дзіцяці не заўсёды мае мяжу разумнага. Падлетак, які выхаваны ў атмасферы замілавання, не ведае і не разумее паняццяў “нельга”, “трэба”… А хто гэтаму не навучыў? Пытанне становіцца рытарычным. Згодна з даследаваннямі навукоўцаў, на выхаванне дзяцей бацькі адводзяць толькі 17 хвілін у дзень. Ці дастаткова гэтага часу?.. З гэтым і іншымі пытаннямі спрабавалі разабрацца зацікаўленыя законныя прадстаўнікі навучэнцаў 7 класа. У дапамогу іх паспяховаму ўзаемадзеянню былі раздадзены “вузельчыкі на памяць”: “Як дапамагчы дзіцяці пазбегнуць рызыкоўных паводзін” і “Пяць шляхоў да сэрца дзіцяці”.
Вольга Блізнюк, педагог, які выконвае функцыі класнага кіраўніка 7 класа Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы