Юбілей — гэта падзея, якая не праходзіць незаўважанай у жыцці кожнага. Юбілеі бываюць маленькія і вялікія, гэта заўсёды вынік пражытага адрэзка часу чалавека. А вось юбілей школы – гэта свята для ўсіх, хто калісьці быў яе вучнем або настаўнікам, а таксама бацькамі, чые дзеці вучыліся ў ёй.
А калі гэта 60-гадовы юбілей, то гэта падзея для многіх пакаленняў. Сёлета наша Парэцкая базавая школа адзначае менавіта такую падзею.
60 гадоў! Гэта многа ці мала, завяршэнне шляху або пачатак новай дарогі? На самай справе – гэта гады працы, радасць перамог, чарада пакаленняў, прыгожыя і добрыя традыцыі, якія беражліва захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
Роўна 60 гадоў таму, у 1961 годзе, быў пабудаваны новы будынак Парэцкай васьмігадовай школы гаспадарчым спосабам на сродкі калгаса “Перамога” на мяжы вёсак Васілевічы і Парэчча.
Дырэктарам школы быў прызначаны Іван Паўлавіч Вадэйка. Пад яго кіраўніцтвам школа неаднаразова выходзіла пераможцай у аглядзе 8-гадовых школ па падрыхтоўцы да новага навучальнага года.
За гады існавання школы склаліся свае традыцыі: правядзенне Дзён здароўя і спорту, Урокаў мужнасці, Вахтаў памяці, свята восені “Восеньскі кірмаш”, ЭкаБУМ, акцый “Чысты лес”, “Спяшайцеся рабіць добрыя справы”, “Дом без адзіноты”, “Ад усёй душы з любоўю”, “Кветка за пражыты год” і інш.
Калі кажуць аб працы школы, маюць на ўвазе ў першую чаргу дзейнасць педагагічнага калектыву. Аб вызначальнай ролі настаўніка кажуць шматлікія прыклады з гісторыі нашай школы. У розны час у ёй працавалі і працуюць настаўнікі, якія дамагліся высокай якасці навучання і выхавання і ўнеслі значны ўклад у развіццё адукацыі: Ганна Фёдараўна Емяльянчык, Іван Давыдавіч Емяльянчык, Ніна Аляксееўна Якімовіч, Вера Мікалаеўна Ягаўдзік, Аляксандр Васільевіч Скок, Клаўдзія Іванаўна Нарбуцік, Святлана Пятроўна Клыбік, Наталля Леанідаўна Жук, Ірына Аляксееўна Байдэнка, Ірына Мікалаеўна Надудзік, Таццяна Іванаўна Герасімчык, Алена Іванаўна Стаскевіч, Таццяна Анатольеўна Чак.
Школьным калектывам у розныя гады кіравалі: Іван Паўлавіч Вадэйка, Іван Давыдавіч Емяльянчык, Мікалай Антонавіч Барысік, Вячаслаў Аляксандравіч Апановіч, Васіль Міхайлавіч Барысік.
Ляцяць гады. На нашых вачах змяняецца краіна, змяняецца і школа. Што ж уяўляе сабой школа сёння? Гэта высокапрафесійны педагагічны калектыў, здольны вырашаць практычна любую задачу, творчы, актыўны, адкрыты да пошуку. Гэта каманда аднадумцаў, дзе пераважаюць адносіны партнёрскага супрацоўніцтва, павагі, даверу, а атмасфера поспеху стала нормай жыцця! Гэта слаўныя традыцыі і цудоўныя святы. І, вядома ж, гэта нашы вучні, матываваныя на высокія навучальныя вынікі. Тыя, хто вучыцца цяпер, і тыя, хто працягвае навучанне ў іншых навучальных установах, хто ўжо працуе, але заўсёды высока трымае планку выпускніка роднай школы.
У цяперашні час ва ўстанове адукацыі навучаецца 42 вучні, працуюць 14 педагогаў.
Вучні нашай школы з’яўляюцца ўдзельнікамі і пераможцамі раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый.
Згуртаваны калектыў школы – неад’емны складальнік паспяховага адукацыйнага працэсу. Калектыў Парэцкай базавай школы – гэта творчая, зладжаная, суцэльная, высокапрафесійная каманда, аб’яднаная агульнай місіяй – навучаннем і выхаваннем дзяцей. А ўзначальвае гэтую каманду энергічны і паспяховы кіраўнік – Аляксандр Ільіч Бута.
Цалкам скланы, стабільны педагагічны калектыў рэгулярна папаўняецца маладымі кадрамі. Так зусім нядаўна ў школе пачалі працаваць маладыя настаўнікі пачатковых класаў Вольга Іванаўна Аблажай, Сняжана Сяргееўна Якаўчык.
Педагагічны калектыў перакананы, што сіла школы – у вернасці традыцыям, у захаванні атмасферы сатворчасці педагогаў, вучняў і бацькоў. Традыцыі надаюць школе тое асаблівае, непаўторнае, што адрознівае яе ад іншых. Кожны дзень школьны калектыў стварае гісторыю адукацыйнай установы.