Беларуская мова – адна са старажытных славянскіх моў і па мілагучнасці няма ёй роўных.
У Слоніме ў 2018-2019 навучальным годзе працягнуць работу два класы, у якіх навучанне вядзецца на беларускай мове. Яны створаны ў сярэдніх школах №№ 3, 10, каб вучні маглі паўней спасцігнуць прыгажосць, напеўнасць і мілагучнасць беларускай мовы. Таксама з мэтай знаёмства дзяцей з этнічнымі асаблівасцямі беларускага народа, яго побытам і ладам жыцця ва ўстановах адукацыі арганізавана работа 16 гурткоў і клубаў краязнаўчай накіраванасці, 43 факультатыўных заняткаў па беларускай мове і літаратуры.
Ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі працуе 28 гурткоў краязнаўчай накіраванасці.
Прыярытэтным накірункам работы ўстаноў адукацыі Слонімскага раёна з’яўляецца папулярызацыя беларускай мовы праз розныя формы яе арганізацыі. У гэтым накірунку склалася свая сістэма школьных традыцый: інтэрактыўныя спаборніцтвы і гульні, фальклорныя святы, экскурсіі, сустрэчы з пісьменнікамі. Сёлета яны праходзяць пад эгідай Года малой радзімы. Традыцыйна значымай была Дэкада беларускай мовы, літаратуры, мастацтва і культуры: беларускамоўныя акцыі, літаратурныя гасцёўні, тэатральныя сустрэчы, фальклорныя пастаноўкі, інтэлектуальныя турніры і конкурсы, выпуск літаратурна-моўнай рэкламнай прадукцыі і інш. Вышэйназваныя мерапрыемствы дазволілі вучням, педагогам, бацькам пашырыць звесткі пра мінулае і нацыянальную культуру беларусаў, жыццё і творчасць славутых землякоў.
У рамках святкавання 135- гадовых юбілеяў пісьменнікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа з мэтай папулярызацыі творчасці класікаў прайшоў раённы этап конкурсу буктрэйлераў “Чытаем беларускіх песняроў”. Дыпломамі адзначаны работы ДУА “Сярэдняя школа № 9 г. Слоніма”, ДУА “Міжэвіцкая сярэдняя школа Слонімскага раёна”, ДУА “Новадзявяткавіцкая сярэдняя школа Слонімскага раёна”, ДУА “НПК Сялявіцкі яслі-сад – базавая школа Слонімскага раёна”. Па выніках абласнога этапа конкурсу адна творчая праца ўдастоена Дыплома І ступені і дзве – Дыпломаў ІІ ступені.
Дасягнуты высокія вынікі ў рэспубліканскім творчым конкурсе юных чытальнікаў “Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме”. На абласным этапе пераможцамі сталі Раман Чылік, выхаванец ДУА “Слонімскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” (Дыплом І ступені, настаўнік Н.А. Баярчык); Ульяна Міхайлава, вучаніца ДУА “Гімназія № 1 г. Слоніма” (Дыплом ІІІ ступені, настаўнік І.Г. Маркевіч); Іван Ласевіч, вучань ДУА “Міжэвіцкая сярэдняя школа Слонімскага раёна” (Дыплом ІІ ступені, настаўнік Л.У. Трутнева).
Па выніках рэспубліканскага этапу (паўфінал) ва ўзроставай катэгорыі 9-10 клас Раман Чылік заваяваў І месца. Яму прадастаўлена права выступіць у фінале конкурсу, які адбудзецца ў Дзень беларускай пісьменнасці ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці.
Да мовы патрэбна адносіцца з павагай. Гэта наша найвялікшая каштоўнасць. Тады яна будзе прысутнічаць у нашым жыцці штодзённа.
Марыя КАНДАКОВА