Нематэрыяльная культурная спадчына – каштоўны здабытак многіх пакаленняў беларусаў. Яе зберажэнне – наша агульная справа, якая мае значную ролю для захавання гісторыі і развіцця нацыянальнай культуры беларускага народа.
Слонімшчына – мясціна, багатая народнымі ўмельцамі, таленавітымі рамеснікамі, цікавымі майстрамі.


У выставачнай зале Слонімскага раённага краязнаўчага музея імя І.І. Стаброўскага адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі «Нематэрыяльная культурная спадчына Слонімшчыны», арганізатарам якой выступіў аддзел рамёстваў. Да ўвагі гледачоў тут прадстаўлены наступныя накірункі: «Традыцыя выпечкі караваяў на Слонімшчыне. Каляндарна-абрадавае печыва», «Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення», «Беларускае мастацтва выцінанкі».У дні правядзення выстаўкі кожны жадаючы зможа дакрануцца і пазнаёміцца з элементамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны і іх носьбітамі, а таксама прыняць удзел у традыцыйных майстар-класах.


Захавальнікамі, носьбітамі і транслятарамі традыцыі выпечкі караваяў на Слонімшчыне з’яўляюцца ўдзельніцы народнага фальклорнага калектыву «Чараўніцы-каравайніцы» філіяла «Навасёлкаўскі цэнтр культуры». Кіраўнік калектыву Дар’я Кірыенка падчас адкрыцця выстаўкі правяла майстар-клас па вырабе ўпрыгажэнняў на святочны каравай.


Старажытным відам народнага мастацтва з’яўляецца саломапляценне, якое да гэтага часу шырока бытуе на Беларусі. Сярод іншых рэгіёнаў рэспублікі ў Гродзенскай вобласці саломапляценне развіваецца на ўзроўні мастацкага рамяства. Носьбітамі і пераемнікамі традыцыі з’яўляюцца звыш пяцідзесяці майстроў-саломапляцельшчыкаў, чатыры з іх – у Слоніме: Тамара Федаровіч, Валянціна Мароз, Вольга Вянскоўская і Анастасія Зелянко. На выстаўцы прадстаўлена калекцыя іх саламяных вырабаў.


У Прынёманскім краі носьбітамі мастацтва выцінанкі з’яўляюцца дванаццаць майстроў, сярод іх – слонімчанка Людміла Руткоўская. Яе работы вызначаюцца вытанчанасцю, высокім мастацкім узроўнем, дасканальнасцю ўвасаблення творчай задумкі. Непаўторныя вобразы выцінанак – гэта вынік самастойных творчых пошукаў майстра. І ў гэтым можна пераканацца наведаўшы выстаўку, якае будзе дзейнічаць па 11 кастрычніка (вул. Ружанская, 1).
Уваход свабодны.

Падрыхтавала Таццяна ДЗЕНІСЮК

Поделиться
Перейти к содержимому