23 лютага ў гімназіі № 1 прайшла святочная літаратурна-музычная імпрэза ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “Пяцісотгоднасць”, прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.
Перад публікай з вершамі выступілі тэленавітыя і цікавыя людзі. Сланімчанка Даша Бялькевіч, маладая паэтка і былая выпускніца гімназіі, раскрыла душу і падаравала слухачам свае рыфманавыя радкі пра каханне, сучаснасць, разчараванне, мову і моду. Адным словам, пра вельмі рознае, але насычанае на эмоцыі жыццё. Яе “Падарункі”, “Холад”, “Дзеці”, “Парады актыўнаму фону” і “LG” выклікалі шмат апладысментаў.
Наступным слова трымаў харызматычны Віталь Рыжкоў. Віталь вядомы аматарам мовы і літаратуры як незвычайны паэт і хіп-хоп выканаўца, перакладчык і лаўрэат шматлікіх прэмій, у тым ліку “Залаты апостраф”. Юнак прызнаўся, што амаль усе яго вершы – пра каханне, рознае і яркае. Некаторыя з твораў – “Два скрыпачы”, “Балада непадзельнага”, “Дарожныя здарэнні” – былі прачытаны ў вельмі запамінальнай манеры.
Сваёй непасрэднасцю і добрай энергетыкай зачараваў вучняў і настаўнікаў гімназіі Андрэй Хадановіч, старшыня ПЭН-цэнтру, паэт, перакладчык, аўтар васьмі дарослых і адной дзіцячай кніжкі вершаў, арганізатар паэтычных мерапрыемстваў. Распачаў госць з дарослых калыханак, якія выклікалі толькі ўсмешкі. Не менш вяселля было і ад “Каляднага рэпу”, які Андрэй Хадановіч прачытаў як сапраўдны “эмсі”, адбіваючы рытм пальцам па мікрафоне. Усім дарослым прышліся даспадобы і дзяцячыя вершы паэта, у якіх маленькая дзяўчынка Аленка з вечным пытаннем “Чаму гуркі калючыя?” бегае за сур’езным і занятым бацькай.
Напрыканцы імпрэзы ў зале гучалі этнамелодыі акустычнай гітары Яўгена Барышнікава, вядомага барда і прызнанага музыканта. Гармонія “Дзядоў”, “Змея” і “Балтыкі” уводзіла ў сапраўдны транс, а вібрацыі гітары і голасу зачароўвалі і пагружалі ў таямніцы беларускай культуры.
Пазнаёміцца с творчасцю Дашы Бялькевіч, Віталя Рыжкова, Андрэя Хадановіча і Яўгена Барышнікава вы, чытычы, можаце ў Інтэрнеце.
Алена ЮШКЕВІЧ