У рамках дэкады роднай мовы, літаратуры і культуры вучні 5, 10 класаў сярэдняй школы № 2 накіраваліся ў Мінск з мэтай сустрэцца з цікавымі людзьмі, наведаць музей і атрымаць асалоду ад падарожжа са сваімі сябрамі, аднакласнікамі і настаўнікамі.

Першая сустрэча адбылася ў рэдакцыі часопіса «Вясёлка», дзе нас чакаў наш знакаміты беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі. Уладзімір Сцяпанавіч 43 гады працаваў рэдактарам «Вясёлкі», стварыў новы дзіцячы часопіс «Буся». На сустрэчу з намі прыйшоў і ўнук Уладзіміра Сцяпанавіча – васямнаццацігадовы студэнт авіяцыйнага каледжа Анатоль, якому пісьменнік прысвяціў сваю кнігу «Сонца над галавой». Гэту кнігу У.С. Ліпскі пісаў у форме лістоў ад дня нараджэння да сямі гадоў свайго ўнука. Уладзімір Сцяпанавіч расказаў пра свой творчы шлях, пра цікавых і знакамітых людзей нашай краіны, з якімі сустракаўся і пра якіх пісаў у сваіх кнігах. Запамінальнай сустрэча была і таму, што кожнаму вучню У.С. Ліпскі падарыў свае кніжкі з асабістымі пажаданнямі і аўтографам, а таксама перадаў кнігі ў школьную і раённую бібліятэкі.

Другая сустрэча адбылася з нашым земляком, народным мастаком Беларусі, Ганаровым грамадзянінам нашага горада Іванам Якімавічам Міско, які чакаў нас у сваёй майстэрні. Іван Якімавіч цёпла сустрэў і шчыра расказаў пра свае гады жыцця і вучобы ў Слоніме, пра сваю родную вёску Чамяры, пра свой творчы шлях. Уразіла вучняў творчая дзейнасць скульптара, яго работы, якія можна было пабачыць у майстэрні, аповеды Івана Якімавіча пра сустрэчы і сумесную працу са знакамітымі касманаўтамі. І.Я. Міско расказаў і пра сустрэчы з Пятром Клімуком, і з Алегам Навіцкім, а таксама сфатаграфаваўся з намі каля бярозак, якія пасадзілі каля майстэрні Івана Якімавіча Міско нашы касманаўты. Прыемна было пачуць, што Іван Якімавіч Міско ў свае 92 гады будуе творчыя планы і марыць у нашым горадзе адкрыць музей сваіх работ.
На заканчэнне падарожжа мы наведалі Літаратурны музей імя Максіма Багдановіча, бліжэй пазнаёміліся з творчасцю беларускага паэта, адчулі асалоду ад яго вершаў, дакрануліся да цікавых старонак жыцця і творчасці беларускага паэта, які ўнёс вялікі ўклад у развіцце беларускай літаратуры. І апошні прыпынак падарожжа – Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь. Вось такое насычанае і цікавае падарожжа атрымалася.

Г. Амяльковіч і Т. Ляўшук, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2

Поделиться
Перейти к содержимому