Важна, каб маладое пакаленне беларусаў захоўвала гістарычную памяць, ганарылася сваім мінулым. Гэта неабходна для таго, каб упэўнена глядзець у будучыню, каб ведаць, у імя чаго і дзякуючы каму мы жывем.
У рамках Дня грамадзянскага, патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання вучні дзяржаўнай установы адукацыі “Парэцкая базавая школа Слонімскага раена” адправіліся ў экскурсію па месцах масавых захараненняў ахвяр ВАВ: аг. Васілевічы — в. Задвор’е — в. Паўлавічы — в. Ніз”
Наша краіна паклала на алтар перамогі кожнага трэцяга жыхара. Свой спусташальны след фашысты пакінулі і на слонімскай зямлі. Занадта дарагую цану заплацілі мы за свабоду роднага края.
1942 — трагічны год ў гісторыі нашага краю. У снежні падчас правядзення карнай аперацыі была знішчана паўночна-заходняя частка Слонімшчыны. 16 снежня фашысты спалілі ўсю вёску Паўлавічы, расстраляўшы 276 жыхароў. У той жа дзень былі забітыя каля двухсот чалавек з вёскі Васілевічы і бліжэйшых вёсак. У аграгарадку Васілевічы ўсталяваны Помнік ахвярам фашызму.
У вёскі Ніз Слонімскага раёна таксама трагічны лёс. У гады вайны немцы і іх мясцовыя памагатыя спалілі вёску і расстралялі амаль усіх яе жыхароў — 296 ні ў чым не павінных людзей. Аб страшнай трагедыі нагадвае помнік.
Моцнае ўражанне на дзяцей пакінула выступленне Кучынскай А.У., настаўніка, які выконвае функцыю класнага кіраўніка 6 класа. Алена Уладзіміраўна зачытала ўспаміны Васіля Іванавіча Кулікоўскага аб жудасным дні расстрэлу. “Здаровых мужчын ўзялі раней для адпраўкі ў Германію, а дзяцей, жанчын, старых сагналі ў дзве хаты. Мама, тры сястрычкі і я стаім, абняўшыся. Кажу ім: давайце хавацца. Але куды, усюды немцы і мясцовыя паліцаі? І тут мама шэпча: бяжы, сынок. Паспеў толькі ў прыбіральню. Адчыняю дзверы, а там ужо чацвёра стаяць. Нас цудам не знайшлі. А знявечаныя трупы на санках развозілі ў гэтую магілу толькі вясной. Апазнаў толькі маму і адну сястрычку… Вось такі быў “новы парадак” на Беларусі, так нямецкая зграя “клапаціліся” пра беларусаў…” …У той страшны дзень Васіль Кулікоўскі страціў маці і трох сясцёр. А ўсяго Кулікоўскіх у магілах ляжыць 15 чалавек.
Здзяйсняючы мерапрыемства па маршрутах памяці, вучні нашай школы схілілі галовы перад ахвярамі Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, перад свяшчэнным подзвігам пераможцаў і ўзвысілі свой голас у абарону гістарычнай праўды і справядлівасці. Перагортваючы старонкі гісторыі і суперажываючы ахвярам генацыду, мы разумеем, як важна захаваць памяць і перадаць яе наступным пакаленням, бо менавіта ім гэты свет завешчана берагчы.
Алена Кучынская,
настаўнік, які выконвае функцыі класнага кіраўніка 6 класа
ДУА “Парэцкая базавая школа Слонімскага раёна”