У выставачнай зале краязнаўчага музея дзейнічае мастацкая выстава “Наш боль – на ўсіх”. Сусветна вядомы беларускі мастак-экспрэсіяніст Мікалай Уладзіміравіч Бушчык свае карціны прысвяціў трагедыі на Чарнобыльскай АЭС.

Мікалай Уладзіміравіч – яркі мастак з самабытнай манерай пісьма. Яго жывапіс – гэта эмоцыі, пачуцці, смелае спалучэнне фарбаў. Яго карціны параўноўваюць з джазавымі імправізацыямі. Яго творы экспануюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і ў іншых краінах свету. Шмат карцін знаходзіцца па ўсім свеце ў дванаццаці прыватных зборах. Дарэчы, 27 чэрвеня адкрыецца персанальная выстава Мікалая Уладзіміравіча ў Нацыянальным мастацкім музеі, якая будзе доўжыцца да 4 жніўня.

Мікалай Уладзіміравіч удзельнічаў у больш чым 200 міжнародных мастацкіх выставах па ўсім свеце.

У мастака тонкае ўспрыяцце свету, якое разам з талентам дазволіла на шасці палотнах перадаць усе наступствы трагедыі на Чарнобыльскай АЭС.

Мы ўсе прызвычаіліся да аптымістычных, яркіх твораў майстра, а тут – чорны колер з цёмнымі адценнямі. Свецяцца толькі постаці людзей і прадметы ад атрыманай дозы радыяцыі. Паглыбляюць пачуцці свечкі пад кожнай карцінай.

У выступленнях старшага навуковага супрацоўніка Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Ганны Кузняцовай, знакамітых слонімскіх мастакоў Тамары Стэцэнкі і Васіля Грыневіча, настаўніцы гісторыі другой сярэдняй школы Ірыны Радзецкай адзначалася шчырасць, эмацыйная пранікнённасць мастака ў паказе жудасных падзей.

Адбылася яшчэ адна незвычайная рэч. Да адкрыцця выставы з карцінамі пазнаёмілася Галіна Тарановіч, прафесар філалогіі, доктар навук, і пакінула водзыў: “… гэта чарнобыльская тэма вырашана незвычайна. Жывое, непасрэднае пачуццё выказваецца менавіта дадзеным Мастаком, а таму, што жывое, то і ў “рэцыпіента” выклікае асобасны водгук, распачынае працэс узаемадзеяння душы з мастацтвам…”

Да нас павінен быў прыехаць Міхаі?л Заха?равіч Башлако?ў – беларускі паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Міхаі?л Заха?равіч актыўна займаўся падрыхтоўкай і выданнем 145-томнай гісторыка-дакументальнай хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі «Памяць».

На Міжнародным кніжным кірмашы, у якім удзельнічала 135 краін, кніга-альбом «Нетры» ўвайшла ў 100 найлепшых выданняў свету. Кнігі «Нетры» і «Палын. Чарнобыль» узнагароджаны медалём на Міжнародным конкурсе выяўленчых мастацтваў.

Міхаі?л Заха?равіч – удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ён шмат ездзіць з выступленнямі па забруджаных радыяцыяй раёнах. На жаль, хвароба не дазволіла яму быць на адкрыцці выставы. Таму былі прачытаны яго вершы, якія сталі добрым тлумачэннем таго, што напісана пэндзлем.

На мерапрыемстве прысутнічалі мастакі творчага аб’яднання “Арт-Слонім”, вучні другой, сёмай і Парэцкай школ, жыхары горада. Прэзентацыя выставы прайшла незвычайна – у форме мітынга-рэквіема.

Чарнобыль – гэта трагедыя і подзвіг. Трагедыю сотняў тысяч ахвяр аварыі немагчыма перадаць. Для таго, каб Чарнобыль назаўжды застаўся ў мінулым, трэба памятаць аб ім пастаянна.

Хвілінай маўчання была ўшанавана памяць усіх ахвяр страшэннай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Аліна Процак, навуковы супрацоўнік выставачнай залы музея

Поделиться
Перейти к содержимому