У традыцыйным беларускім календары святкаванне Калядаў пачынаецца 6 студзеня і працягваецца да Вадохрышча.
19 студзеня, у дзень Святога Хрышчэння Гасподняга (Вадохрышча), у аграгарадку Сянькоўшчына спецыялісты Слонімскага раённага цэнтра культуры разам з мясцовай жыхаркай Галінай Захарчук – галоўным носьбітам традыцыі – зладзілі абрад “Падсаджванне каляды на дуб”, які сімвалізуе заканчэнне ўсіх калядных свят.
Па словах Галіны Уладзіміраўны, такі абрад на Слонімшчыне адзначаюць здаўна — ніхто не ведае, калі яго пачалі святкаваць.
Гурт калядоўшчыкаў на чале з бабай-Калядой, козачкай і канём прайшлі шлях да вялікага дуба, каб усім разам узнесці на яго святочную кашу – куццю, тым самым ушанаваць вялікае свята Хрышчэння, папрасіць перад Богам дабрабыту, заступніцтва на будучы год і багаты ўраджай.
Таццяна ДЗЕНІСЮК