Пад такой назвай прайшоў літаратурна-музычны серпанцін у аб’яднанні клубнага тыпу “Купалінка”. Размова ішла пра самае галоўнае, самае дарагое — нашу Радзіму, наш народ.
Мы – беларусы. А якія яны, беларусы; у чым адметнасць нас, беларусаў, у параўнанні з іншымі нацыямі; кім павінен быць сапраўдны беларус – гэтыя пытанні ўдзельнікі аб’яднання “прадэманстравалі” падчас сустрэчы. І пачалося мерапрыемства словамі Р. Барадуліна:
Быць беларусам –
Гэта значыць
Свайго ні гуку не забыць,
Усё чужое перайначыць,
Каб Беларусі вечнай быць!
Быць беларусам –
Гэта значыць
За родны край згараць на дым…
Па-беларуску чуць і бачыць
На гэтым свеце і на тым.
Вучні назвалі не толькі дзяржаўныя сімвалы, але і неафіцыйныя сімвалы нашай Радзімы: крыж Ефрасінні Полацкай, васількі, зубра, бусла. Арцём Рыбак апавядаў гісторыю аб тым, адкуль узялася на беларускай зямлі гэта дзіўная птушка – бусел. Усе нагадалі народныя прыкметы адносна гэтай птушкі.
Вучні шостага класа інсцэніравалі беларускія жарты. Мікіта Давыдзенка і Сафія Ходар цудоўна расказалі байку К. Крапівы “Дзед і баба”. Руслан Мазоль, Максім Казілецкі і Арцём Ляшко цікава абыгралі аповед “Тры падарожнікі.”
Па-майстэрску прыгожа і зачаравана спявалі Валерыя Ражко, Ганна Калоша, Соф’я Бакшынава народную баладу дванаццатага стагоддзя “Штой па мору…”, песню “Там каля млыну…”, а Іван Ільянкоў выканаў на домры народную п’есу “Купалінка”, Дар’я Загорская на гітары нагадала мелодыю “Спадчына” Янкі Купалы.
На сустрэчы не маглі не згадаць, якой вялікай цаной, якімі стратамі ў час Вялікай Айчыннай вайны здабылі нашы продкі свабоду, мір і шчасце. З хваляваннем вучні слухалі выкананне балады “Маці” Аркадзя Куляшова ўдзельнікамі мерапрыемства Верай Сакалоўскай, Паліна Назарук і Ягорам Капелькам.
Свята не абышлося і без інсцэніроўкі ўрыўкаў з камедыі “Паўлінка” Янкі Купалы – у галоўных ролях Паліна Суворава і Якаў Рыжанкоў – і з п’есы Віталя Вольскага “Несцерка” з цікавым выкананнем Івана Альшэўскага, Рамана Крывашэіна, Арцёма Комара.
“Няма ў чалавека нічога прыгажэй і даражэй за радзіму. Чалавек без радзімы ? бедны чалавек”, – лічыў Якуб Колас. Велічна і ўрачыста гучаў верш У. Караткевіча “Дзе мой край?” у выкананні вучняў адзінаццатага класа.
Літаратурна-музычны серпанцін, створаны і абыграны таленавітымі вучнямі нашай школы, ператварыўся ў сапраўднае свята беларусаў, свята нашай Бацькаўшчыны. І хочацца выказаць шчырую падзяку ўсім выканаўцам, удзельнікам сустрэчы і пажадаць, каб яны і кожны з нас любіў свой край, каб кожны дзень адкрываў для сябе непаўторную прыгажосць роднай зямлі, прыслухоўваўся да нашай пявучай мовы, заўважаў дабрыню, адкрытасць, таленавітасць нашага народа.
З. Карповіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа № 5 г. Слоніма”