Традыцыйным стала правядзенне ў сярэдняй школе
№ 10 Слоніма дэкады беларускай мовы, прымеркаванай да Міжнароднага дня роднай мовы. У гэты час вучні маюць магчымасць пазнаёміцца з традыцыямі, абрадамі і гульнямі беларускага народа, спасцігнуць таямніцы роднай мовы.

У дзень роднай мовы вучні 2 “А” класа прынялі ўдзел у гульні “Скарбонка беларускага народа”, прысвечанай гэтай адметнай падзеі. Падчас гульні дзеці пазнаёміліся з багаццем і разнастайнасцю беларускай мовы.

Свае назіранні за жыццём, свае мудрыя парады беларускі народ выказаў у прыказках. Яны кароценькія, але вельмі мудрыя. Конкурс “Ланцужок” садзейнічаў знаёмству вучняў з беларускімі прыказкамі і прымаўкамі.

Шмат казак ёсць у беларускага народа. Жывуць яны ўжо доўга-доўга. Няма на зямлі таго чалавека, які не любіць казак. Падчас віктарыны “Хто згубіў рэч?” дзеці ўспомнілі герояў беларускіх народных казак.

Ніводнае беларускае свята не абыходзіцца без народнай песні. Да конкурсу “Адгадай мелодыю” другакласнікі падрыхтавалі вядомыя беларускія песні.

У выніку гульні вучні зрабілі выснову, што найвялікшы скарб беларускага народа – гэта родная мова.

Наталля Нічыпарук, настаўнік пачатковых класаў, класны кіраўнік 2 “А” класа сярэдняй школы № 10 г. Слоніма

Поделиться
Перейти к содержимому