Штогадова люты запрашае ўсіх далучыцца да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы. З гэтай мэтай ва ўсёй краіне быў наладжаны Тыдзень роднай мовы пад назвай “Мова краіны маёй”. Актыўна далучыліся да рэалізацыі плана тэматычнай сямідзёнкі і навучэнцы Новадзявяткавіцкай СШ.
У першы дзень тыдня інфармацыйная тумба ў фае школы не толькі пазнаёміла з планам мерапрыемстваў, але і прапанавала рознага кшталту заданні-конкурсы: «Эмодзі – у модзе», «Кросанс – шпаргалка для кемлівых», “Воблакі слоў для дапытлівых” і інш.
Дзень роднай мовы вітаў усіх з самага ранку беларускамоўнымі песнямі. Працягам святкавання стала віншавальная акцыя “З Днём роднай мовы”: у падарунак ад старшакласнікаў вучні пачатковых класаў атрымалі тэматычныя закладкі, а настаўнікаў пацешылі падораныя ім сімвалы Беларусі – васількі. Далучыліся да рэспубліканскай дыктоўкі “Музейная гара” 22 удзельнікі, падтрымаў акцыю і дырэктар школы.
Тыдзень беларускай мовы знайшоў месца і для ваенна-патрыятычнай старонкі: самы пачатак дня прысвяцілі конкурсу чытальнікаў твораў патрыятычнай тэматыкі, затым наведалі мерапрыемства, якое ладзіла ваенная часць №33933 г. Слоніма, а непасрэдна ў Дзень абаронцаў Айчыны прынялі ўдзел у літаратурна-музычнай кампазіцыі “Час герояў: што ты пакінуў нам?”.
Інтэрактыўная гульня “Пагуляем у словы роднай мовы” працягнула святкаванне Тыдня роднай мовы. Інтэлектуальныя марафон-перапынкі “З рога ўсяго многа” актуалізавалі веды навучэнцаў 5-7 класаў па беларускай літаратуры: па прапанаваных рэчах ім трэба было ўзнавіць назву твора і яго аўтара. Была тут і цялушачка з казкі “Разумная дачка”, і гладыш з народнай легенды “Дамавікова ўдзячнасць”, і чыгунок, у якім варыў клёцкі ў бярозавіку дзядзька Антось з паэмы «Новая зямля» і шмат іншага. Заключным акордам тыдня стаў інтэлект-конкурс для старшакласнікаў “Этымалогія беларускіх тапонімаў”, які прайшоў у рамках шостага школьнага дня.
І хоць тэматычны тыдзень закончыўся, мы не гаворым “да наступнага лютага”, а скажам “да заўтра, мова краіны маёй”.
Вольга Блізнюк, настаўнік
беларускай мовы і літаратры
Новадзявяткавіцкай СШ